ка́ртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Прамавугольны лісток цвёрдай паперы або кардону для запісу на ім якіх‑н. звестак (звычайна як адзінка картатэкі). У картатэцы Івана Іванавіча акуратна, як кніжкі ў добрай бібліятэцы, стаяла шмат картак. Карпюк.
2. Разм. Фатаграфічны здымак. Цёмныя, крыху прыжмураныя, з доўгімі вейкамі вочы хітравата пазіралі на .. [Паходню] з карткі. Хадкевіч.
3. Пасведчанне, уліковы дакумент і пад. у выглядзе невялікага ліста цвёрдай паперы. Уліковая картка. Карэспандэнцкая картка. □ [Камендант] запісаў прозвішчы тых, чые літары супадалі, і завёў на іх крымінальныя карткі. Якімовіч.
4. Бланк з адразнымі талонамі, які дае права на атрыманне прадуктаў пры нарміраванай сістэме іх размеркавання. Прадуктовыя карткі. □ Калі хлеба па картках сям’і не ставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць. А. Вольскі.
•••
Візітная картка — картка з імем, імем па бацьку і прозвішчам, часам з адрасам і званнем асобы, якая ўручае яе пры візіце, знаёмстве і пад.
карто́вы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з корту 1. Картовая кепка. Картовы касцюм. □ Раман быў у адной выцвілай саколцы, у старых запэцканых ля трактара картовых штанах. Пташнікаў.
карто́граф, ‑а, м.
Спецыяліст у галіне картаграфіі.
карту́з, ‑а, м.
Мужчынскі галаўны ўбор з аколышкам і цвёрдым казырком. На ім [Вінцуку] белая вышываная кашуля і чорны пінжак. На галаве новы картуз. В. Вольскі. Дзед дастаў з гары парыжэлыя ад часу боты, адшукаў нейкі старамодны картуз і прыняў паўваенны выгляд. Шчарбатаў.
[Гал. kardoes.]
карту́на, ‑ы, ж.
Уст. Баваўняная тканіна. За прылаўкам у Матруны Шмат «утрэслася» картуны, Метраў сорак, можа й болей. Крапіва.
[Ням. Kattun — бавоўна.]
картуно́вы, ‑ая, ‑ае.
Уст. Зроблены, пашыты з картуны. [Гэля] здзела палітцо і іранічна адазвалася пра зношаную картуновую блузку. Гартны.
карту́ш, ‑а, м.
Скульптурнае або графічнае ўпрыгожанне ў выглядзе дэкаратыўна акаймаванага не да канца разгорнутага скрутка або шчыта з эмблемай, гербам, надпісам і пад.
[Фр. cartouche.]
карту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Частка компаса — папяровы, алюмініевы або іншы кружок, на які наносяцца дзяленні на градусы і румбы.
ка́ртынг, ‑а, м.
Гонкі на аўтамабілях тыпу карт як від спорту. Першынство па картынгу.
картынгі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спартсмен, які займаецца картынгам.