Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дасалі́ць, ‑салю, ‑соліш, ‑соліць; заг. дасалі; зак., што.

Скончыць саленне чаго‑н., засаліць усё да канца. Дасаліць грыбы. // Пасаліць дадаткова. Дасаліць суп.

дасацыялісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які існаваў да эпохі сацыялізма. Дасацыялістычныя фармацыі.

дасачы́ць, ‑сачу, ‑сочыш, ‑сочыць; заг. дасачы; зак.

1. за чым. Угледзець, упільнаваць. Дасачыць за парадкам.

2. каго-што. Выявіць чыё‑н. месцазнаходжанне; высачыць. Дасачыць злачынцаў.

дасве́дчанасць, ‑і, ж.

Наяўнасць ведаў, звестак аб кім‑, чым‑н. Валянцін Таўлай быў паэтам высокай культуры і шырокай літаратурнай дасведчанасці. Арочка.

дасве́дчаны, ‑ая, ‑ае.

Які мае добрыя веды ў якой‑н. галіне, глыбока разбіраецца ў чым‑н. Параіцца з дасведчаным чалавекам. □ Настаўнікі болей сталыя, што ўжо мелі пэўную жыццёвую практыку і працавалі па колькі гадоў, трымаліся сва[ёй] кампаніі і на маладых глядзелі трохі звысоку, як людзі больш дасведчаныя. Колас.

дасве́цце, ‑я, н.

Разм. Тое, што і досвітак. Устань раней за сонца, на дасвецці. Бо позна спаць — і радасці не знаць. Жычка.

дасвідрава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

Разм. Свідруючы, дасягнуць якога‑н. месца, дабрацца да чаго‑н. — Да вайны я выпытаў у газетах, што на Палессі інжынеры да солі дасвідраваліся. Паслядовіч.

дасвідрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Скончыць свідраваць; давесці свідраванне чаго‑н. да канца ці да якога‑н. месца. Дасвідраваць дзірку.

дасвідро́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да дасвідравацца.

2. Зал. да дасвідроўваць.

дасвідро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дасвідраваць.