дарэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. дарыць 1 (у 1 знач.).
дарэфо́рменны, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца да часу, што папярэднічаў якой‑н. рэформе. // Які адносіцца да часу, што папярэднічаў сялянскай рэформе 1861 г. у Расіі. Дарэформенны перыяд.
дарэ́чы, прысл.
1. К месцу, якраз у патрэбны час. — Вось якраз дарэчы, — сустрэў Барысаў Батаніна. — Прыйдзецца вам, Павел Андрэевіч, сказаць прамову. Дудо. Барабан бесперапыннага дзеяння быў вельмі дарэчы. У ім можна было апрацоўваць вялікія дэталі. Карпаў.
2. у знач. пабочн. (часта ў спалучэнні са словамі «кажучы», «сказаць»). Ужываецца для абазначэння таго, што даная фраза гаворыцца ў дадатак да чаго‑н., толькі што сказанага. Дарэчы, у хаце ў Ганны, калі ні прыйдзі — чыста, нібы яна вечна, з гадзіны на гадзіну, чакае важнага госця. Дуброўскі. Дарэчы кажучы, той Янка быў ўдалы, Не меў прывычкі доўга разважаць. Корбан.
дарэ́шты, прысл.
Зусім, канчаткова, поўнасцю. Якаў адчуў, што дарэшты зацягаўся: не насілі ногі. Чарнышэвіч. Таго ніколі не пакіне Юнацкі, Вечна весні ўздым, Хто аддае, Як дар краіне, Жыццё дарэшты — маладым! Гілевіч.
дасаве́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца да часу, што папярэднічаў устанаўленню Савецкай улады. Дасавецкі перыяд творчасці Янкі Купалы.
даса́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад дасадзіць.
даса́джвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да дасаджваць.
даса́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дасадзіць.
дасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., што.
Скончыць пасадку чаго‑н.; пасадзіць да пэўнага месца. Дасадзіць расаду. Дасадзіць градку да паловы. // і чаго. Пасадзіць у дадатак да пасаджанага раней. Дасадзіць дрэў у садзе.
дасалі́цца, ‑соліцца; зак.
Стаць дастаткова ўсоленым. Агуркі ўжо дасаліліся.