Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дапасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што да каго-чаго.

1. Разм. Падагнаць; прыладзіць. Трэба дапасаваць лубяныя ніці-стужкі да дзірак такім чынам, каб ніводная кропля вады не пранікла. Маўр. // Зрабіць што‑н. супадаючым у часе з чым‑н. Дапасаваць выпуск насценнай газеты да святочнага дня. // Аднесці, прымяніць. Да Якуба Коласа, так як і да яго вялікага друга і саратніка Янкі Купалы, можна дапасаваць словы, сказаныя А. М. Горкім пра Пушкіна: «Ён у нас — пачатак усіх пачаткаў». Лужанін.

2. Паставіць залежнае слова ў тым самым родзе, ліку, склоне або асобе, у якім стаіць галоўнае слова. Дапасаваць прыметнік да назоўніка.

дапа́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дапасвіць.

дапа́свіць, ‑пасу, ‑пасеш, ‑пасе; ‑пасём, ‑пасяце; зак., каго-што.

Скончыць пасвіць; прапасвіць да якога‑н. часу або да канца. Дапасвіць кароў да абеду.

дапасо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дапасоўваць — дапасаваць.

дапасо́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Тое, што і дапасавацца.

2. Зал. да дапасоўваць.

дапасо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дапасаваць.

дапа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; зак.

Разм.

1. да чаго. З прагнасцю накінуцца на што‑н. жаданае; дарвацца. Дапасці да вады. □ Пакуль гаспадыня завіхалася каля стала, рыхтуючы полудзень, Рачкоўскі і Карызна сноўдаліся па пакоі, абодва працятыя нецярплівасцю: Рачкоўскі — каб хутчэй дапасці да яды, а Карызна — каб хутчэй зачаць сваю шчырую споведзь. Зарэцкі.

2. Настойліва імкнучыся, дабрацца куды‑н., да якога‑н. месца. Дзяўчына перайшла Біць і першая дапала ў Муціжанскі лес да броду, перадала партызанам, што іх чакае і што трэба рабіць. Сачанка. // Паспець пабыць. Андрэй усё зробіць, усюды дападзе. Чорны.

дапато́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі даўні, старажытны, які быццам бы існаваў яшчэ да міфічнага біблейскага патопу. Насельнікамі.. лясоў былі ўсялякія звяры, з якіх адна частка дайшла да нашага часу бадай што такімі самымі, як былі, другая частка значна змянілася, а трэцяя зусім знікла, і іх цяпер называюць «дапатопнымі». Маўр.

2. Разм. жарт. і іран. Які выйшаў з ужытку; устарэлы, старамодны. Дапатопныя уяўленні. □ Па новых вуліцах спяшаецца трамвай, І зніклі здані дапатопнай копкі. Хведаровіч.

дапаўза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дапаўзці.

дапаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. дапоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

1. Паўзучы, дасягнуць якога‑н. месца. Поўз [Міхась] на руках, з параненай нагой, толькі ў бялізне. Моўчкі дапоўз да ракі і, не могучы больш, пакаціўся зверху на лёд. Брыль. // перан. Паступова дайсці, пашырыцца да якога‑н. месца. Пад поўнач у некаторыя хаты дапаўзла нясмелая чутка, што «тут начуюць два бальшавікі». Чорны.

2. Разм. Марудна або з цяжкасцю дайсці, даехаць куды‑н. Толькі праз тыдн[і] два цягнік дапоўз ад Масквы да Мінска. С. Александровіч.