Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

дапалі́цца, ‑паліцца; зак.

Разм.

1. Канчаткова спаліцца, згарэць. Дапалілася газа ў лямпе.

2. безас. Канчаткова выпаліцца. Дапалілася ў печы.

дапалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак.

1. Скончыць паліць у чым‑н., выпаліць. Дапаліць у печы.

2. што. Скончыць паліць што‑н., спаліць поўнасцю. Дапаліць дровы. □ Град пабіў усё на полі, сонца рэшткі дапаліла. Дубоўка.

дапало́скваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дапаласкаць.

дапало́ць, ‑палю, ‑полеш, ‑поле; зак., што.

Скончыць палоць што‑н.; прапалоць да якога‑н. месца, прадмета. Дапалоць лён. Дапалоць да дарогі.

дапалу́днаваць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.

Скончыць палуднаваць.

дапа́львацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да дапаліцца.

2. Зал. да дапальваць.

дапа́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дапаліць.

дапамага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дапамагчы.

дапамагчы́, ‑магу, ‑можаш, ‑можа; пр. дапамог, ‑магла, ‑ло; заг. дапамажы; зак., каму-чаму.

1. Аказаць дапамогу, пасадзейнічаць у чым‑н. Дапамагчы ў рабоце. Дапамагчы распрануцца. □ [Булай] заўсёды заступіцца, дапаможа, калі хто са сваіх рабочых трапіць у бяду. Шыцік. І службу служы, і сябру дапамажы. З нар. // Падтрымаць матэрыяльнымі сродкамі. Дапамагчы грашамі. Дапамагчы будаўнічымі матэрыяламі. // Аказаць медыцынскую дапамогу. [Санітарка] спяшаецца, каб у час дапамагчы параненаму. Колас.

2. З’явіцца сродкам для каго‑н. у дасягненні якой‑н. мэты. Компас дапамог сарыентавацца на мясцовасці. Мінеральныя ўгнаенні дапамаглі калгаснікам павысіць ураджайнасць палёў. // Даць жаданы вынік, прынесці карысць. Лякарства дапамагло. Угаворы дапамаглі.

•••

Дапамагчы гору (бядзе) — выратаваць з бяды, з цяжкага становішча.

дапаміна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Абл. Паўторна напамінаць. [Сімон] заўтра прыйшоў бы мірыцца і ні ў якім разе не дапамінаўся б пра грошы. Самуйлёнак.