Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кадэі́н, ‑у, м.

Парашок або таблеткі ад кашлю.

[Ад грэч. kōbeia — макавая галоўка.]

кадэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Гарманічны або меладычны абарот, які завяршае музычны твор або яго частку, падкрэсліваючы кампазіцыйную цэласнасць твора.

2. Вольная імправізацыя віртуознага характару, якая выконваецца сола і ўваходзіць у склад інструментальнага канцэрта.

[Іт. cadenza.]

кадэ́т 1, ‑а, М ‑дэце, м.

Выхаванец кадэцкага корпуса (гл. корпус).

[Фр. cadet.]

кадэ́т 2, ‑а, М ‑дэце, м.

Член контррэвалюцыйнай канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі ў дарэвалюцыйнай Расіі. Умелі кадэты пусціць пыл у вочы. Людзі, не спакушаныя ў палітыцы, спачувалі ім, лічылі іх вялікімі апазіцыянерамі царызму і шмат надзей ускладалі на іх. Колас.

[Скарачэнне па назвах першых літар у словах: канстытуцыйны дэмакрат (к.-д. — ка-дэ); канчатак па аналогіі з кадэт ​1.]

кадэ́цкі 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кадэта ​1.

•••

Кадэцкі корпус гл. корпус.

кадэ́цкі 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кадэта ​2. Кадэцкі лібералізм. □ Ход выбараў паказваў, што верх бярэ ў іх так званая канстытуцыйна-дэмакратычная або кадэцкая партыя, памяркоўна-апазіцыйная партыя памешчыкаў і ліберальнай буржуазіі. Колас.

каёмка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Памянш. да кайма; вузкая кайма. Вока Алеся ледзь заўважыла супроцьлеглы бераг з сіняй каёмкай сасновага лесу. Броўка. Калі набягае хваля, зграбныя птушкі спрытна адскокваюць ад каёмкі белай пены. В. Вольскі.

каёт, ‑а, М ‑ёце, м.

Млекакормячая жывёліна сямейства сабачых, падобная да ваўка, якая водзіцца ў Паўночнай Амерыцы.

кажамя́ка, ‑і, м.

Уст. Майстар, які вырабляе сырамятныя скуры.

кажамя́цкі, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да кажамякі, кажамякаў. Кажамяцкае рамяство.

кажа́н, ‑а, м.

Начная млекакормячая жывёліна з шырокімі перапончатымі крыламі; лятучая мыш. Нячутна носяцца кажаны, кожны раз знячэўку нагадваючы летам птушак. Брыль. А ў цёмных хадах, з сярэдзіны, вяліся кажаны, якіх мы таксама лічылі за птушак. Дамашэвіч.

кажуры́на, ‑ы, ж.

Разм.

1. Кусок аўчыны.

2. Тоўстая скурка на чым‑н. (яблыку, бульбе і пад.).