бро́сневы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да бросні.
бро́сненне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. броснець.
бро́снець, ‑ее; незак.
Пакрывацца, зацягвацца бросняй (пра вадкасць).
бро́сня, ‑і, ж.
1. Мікраскапічны грыбок, які развіваецца на заражанай гніллю вадкасці або волкай паверхні чаго‑н.; плесня. Смятана пакрылася тоўстым слоем бросні.
2. Зялёная паверхня з водарасцей, якой пакрываецца застаялая вада. Ні параходы, ні баржы, ні плыты не плылі па Дзвіне; бросняй зарасталі рачныя затокі. Хадкевіч. // перан. Атмасфера застойнасці, праяўленне адмоўных з’яў, пошласці.
бро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы; Р мн. бровак; ж.
Лінія перагіну, выступ на краі чаго‑н. (дарогі, кручы і пад.). Аляксей азірнуўся на Сонцава, які з санлівым выглядам сядзеў паблізу на броўцы дарогі. Мележ.
бро́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да брыва (броваў). Броўныя дугі.
бро́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Упрыгожанне са шпількай для прыколвання яго на жаночым плацці каля шыі або на грудзях. [Пані Авяліна] была ў таннай паркалёвай сукенцы з брошкай. Бажко.
[Фр. broche.]
бруд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Тое, чым што‑н. забруджана, запэцкана; гразь. А каб змыць з зямлі бруд, скалыхну я ваду, Што дажджом палілася свінцовым. Чарот. Пад кажурынай лісцяў прэлых Зіма схавала бруд і твань. Колас. // Адкіды, смецце і пад. Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. Зусім нядаўна растаў снег. Узімку быў ён надта белым, а цяпер.. ляжыць змешаны з гразёю і розным брудам. Каваль. // Насякомыя, якія паразітуюць на целе чалавека і жывёлы. У бялізне за часы.. [Пракопавага] вандроўніцтва завялося нямала рознага бруду. Колас.
2. перан. Што‑н. нізкае, амаральнае, нядобрасумленнае; напластаванне адмоўных якасцей. [Стэфа:] — Нянавісць мая будзе жорсткая, бязлітасная. Нянавісць да бруду, падману, мяшчанскага дабрабыту ў сваім гняздзечку... Савіцкі. Па-ўдарнаму працу на плечы бяру, Мінуты не страціўшы марна: З вёскі змываць дакастрычніцкі бруд — Задача мая ўдарная. Крапіва.
бру́дзіцца, ‑дзіцца; незак.
Станавіцца брудным; пэцкацца. Светлае адзенне ў дарозе хутка брудзіцца.
бру́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; каго-што і без дап.
1. Рабіць брудным, пэцкаць.
2. Рабіць смецце; смеціць.
3. перан. Няславіць, ганьбіць, зневажаць; чарніць.
•••
Рукі брудзіць — умешвацца ў брудную справу, у непрыемную гісторыю.