Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ілюмінава́цца, ‑нуецца; незак.

Зал. да ілюмінаваць.

ілюмінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак. і незак., што.

Упрыгожыць (упрыгожваць) вялікай колькасцю агнёў, яркім асвятленнем. Ілюмінаваць навагоднюю ёлку. Ілюмінаваць вуліцы. □ Дазналіся, мабыць, пра мой прыезд, наладзілі мне сустрэчу, ілюмінавалі агнямі лес. Зарыцкі.

ілюміна́тар ​1, ‑а, м.

Круглае воданепранікальнае акно ў борце або ў палубе судна. Задраіць ілюмінатары. □ Вецер мацнее, хвалі робяцца ўсё большымі, б’юць у барты, заліваюць ілюмінатары. В. Вольскі. // Акно ў борце самалёта, касмічнага карабля. Касманаўты падышлі да ілюмінатара. У бясконцай цемры бездапаможна трапятаўся.. прамень магутнага цэнтральнага пражэктара. Шыцік.

ілюміна́тар ​2, ‑а, м.

Спецыяліст, які наладжвае ілюмінацыю.

ілюмінацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ілюмінацыі, з’яўляецца ілюмінацыяй. Ілюмінацыйныя агні.

ілюміна́цыя, ‑і, ж.

Яркае асвятленне вуліц, будынкаў рознакаляровымі агнямі ў сувязі са святам, урачыстасцю. Факельная ілюмінацыя. Святочная ілюмінацыя. □ Ілюмінацыя залівала горад, як быццам гэта палаў Рым. Караткевіч.

[Ад лац. illuminatio — асвятленне.]

ілюстрава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ілюстраваць.

ілюстрава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ілюстраваць.

2. у знач. прым. Які мае ілюстрацыі, з ілюстрацыямі. Ілюстраваны плакат. Ілюстраваны часопіс.

ілюстрава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да ілюстраваць.

ілюстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Даць (даваць) малюнкі, якія суправаджаюць, паясняюць змест твора. Ілюстраваць раман. □ — У дэталях я яшчэ не прадумаў плана, а ў асноўных рысах ён такі — абысці пехатою цэлы раён, апісаць яго, сабраць народныя песні, легенды і іншыя віды народнай творчасці, багата ілюстраваць сваё падарожжа фатаграфіямі... Колас.

2. перан. Дапоўніць (папаўняць), пацвердзіць (пацвярджаць) што‑н. наглядным прыкладам, словам, жэстам і пад. Ілюстраваць тэзісы прыкладамі. □ Матэрыял, які ілюстраваў і абгрунтоўваў вывады, быў падрыхтаваны. Карпаў. Пытанне сваё.. [Іліко] ілюстраваў так: паклаў галаву на далонь, нібы заснуў, потым паказаў дах над галавой. Самуйлёнак.

ілюстра́тар, ‑а, м.

Мастак, які робіць малюнкі да тэксту. Ілюстратар кніг.