Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хімі́зм, ‑у, м.

Спец. Хімічная прырода якога‑н. рэчыва, з’явы, працэсу. Хімізм крыві. Хімізм расліны.

хі́мік, ‑а, м.

1. Спецыяліст у галіне хіміі.

2. Работнік хімічнай прамысловасці.

хіміка́ліі, ‑ліяў; адз. няма.

Хімічныя прэпараты, а таксама хімічныя вырабы. Прамысловыя хімікаліі.

хіміка́ты, ‑аў; адз. хімікат, ‑у, М ‑каце, м.

Тое, што і хімікаліі.

хімі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да хімік.

хімі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хіміі, звязаны з ёй. Хімічная формула метану.

2. Які мае адносіны да з’яў, што вывучаюцца хіміяй. Хімічныя элементы. Хімічны вопыт. Хімічная рэакцыя. Хімічны аналіз вады. Хімічны састаў крыві. // Прызначаны для заняткаў хіміяй. Хімічны посуд. Хімічная лабараторыя.

3. Звязаны з прымяненнем метадаў хіміі ў вытворчасці, у розных галінах гаспадаркі. Хімічныя прадукты. Хімічная чыстка адзення. Хімічная апрацоўка драўніны. Хімічная вытворчасць. □ Доўга расказваў [Шыпулька], які будзе наш горад і як тут усё зменіцца, калі хімічны камбінат пачне даваць мінералы. Кулакоўскі. // Атрыманы пры дапамозе метадаў і сродкаў хіміі. Хімічныя ўгнаенні.

4. Звязаны з прымяненнем прадуктаў хіміі ў ваенных мэтах. Хімічная вайна. Хімічная зброя.

•••

Хімічнае чарніла гл. чарніла.

Хімічны карандаш — карандаш з графітам, які пры змочванні піша, як чарніла.

хі́мія, ‑і, ж.

1. Навука пра рэчывы, іх будову, састаў, уласцівасці і ўзаемныя ператварэнні. Тэарэтычная хімія. Падручнік па хіміі.

2. Практычнае прымяненне гэтай навукі, яе законаў у вытворчасці, у прамысловасці. Беларусь ператварылася ў край вялікай хіміі. «Звязда». // Разм. Аб прэпаратах, хімічных сродках, растворах і пад. — Можна было б і цыбулькай [ікону] нацерці ці гэтай самай хіміяй, па якую ты .. бегаў у аптэку. Брыль.

3. Якасны, хімічны састаў чаго‑н. Хімія нафты. Хімія крыві.

•••

Аналітычная хімія — навука аб метадах вызначэння хімічнага саставу рэчыва.

Арганічная хімія — навука пра злучэнні вугляроду з іншымі элементамі.

Бытавая хімія — галіна хімічнай прамысловасці, якая выпускае прадукцыю для задавальнення бытавых патрэб насельніцтва.

Калоідная хімія — раздзел фізічнай хіміі, які вывучае калоіды.

Квантавая хімія — раздзел тэарэтычнай хіміі, у якім хімічныя з’явы вывучаюцца на аснове ўяўленняў квантавай механікі.

Неарганічная хімія — навука пра хімічныя элементы, простыя і складаныя рэчывы, якія не маюць у сваім саставе бялку.

Фізічная хімія — навука, якая тлумачыць хімічныя з’явы і вызначае іх заканамернасці на аснове агульных прынцыпаў фізікі.

Ядзерная хімія — раздзел навукі, які вывучае ўзаемны ўплыў і ператварэнні атамных ядраў і ўласцівасцей рэчыва.

[Ад грэч. chēmeia.]

хіміятэрапеўты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хіміятэрапіі. Хіміятэрапеўтычныя прэпараты.

хіміятэрапі́я, ‑і, ж.

Лячэнне інфекцыйных хвароб хімічнымі прэпаратамі.

хімкамбіна́т, ‑а, М ‑наце, м.

Хімічны камбінат.