Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

учаса́цца, учэшацца; зак.

Убавіцца ў працэсе часання ​1 (пра воўну, лён і пад.).

учаса́ць 1, учашу, учэшаш, учэша; зак., што.

Абчасаць нейкую частку лёну, шэрсці, воўны і пад.

учаса́ць 2, учашу, учэшаш, учэша; зак., што. (пераважна з адмоўем «не»).

Убавіць часаннем таўшчыню чаго‑н. Бервяно цвёрдае — не ўчасаць.

участава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад участаваць.

участава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго.

1. Пачаставаць ядой, напіткамі; напаіць, накарміць, праяўляючы ўвагу, гасціннасць. Участаваць абедам. Участаваць мёдам. Участаваць гарэлкай. □ [Міхась] не ведаў, куды пасадзіць госцю, чым яе ўчаставаць. Сабаленка.

2. перан. Разм. Пабіць, збіць каго‑н.

уча́стак, ‑тка, м.

1. Зямельная плошча, адведзеная для якога‑н. выкарыстання або вылучаная на аснове якіх‑н. прымет; дзялянка. Прысядзібны ўчастак. □ Усе дваццаць гектараў школьнай зямлі разбіты на маленькія доследныя ўчасткі. Пальчэўскі. Дасталіся Захару Іванавічу найбольш запушчаныя ўчасткі зямлі, горшае цягло, горшы інвентар. Кулакоўскі. // Частка паверхні чаго‑н. Пашкоджаны ўчастак скуры. // Адрэзак чаго‑н., які мае прасторавую працягласць. Участак дарогі. Сортавыпрабавальны ўчастак. □ Рака цякла з усходу на захад, і мы пайшлі па ёй, абходзячы па беразе незамёрзлыя ўчасткі. Шамякін.

2. Частка фронту, якая з’яўляецца месцам дзеяння якой‑н. вайсковай адзінкі. Загрукатаў бой. На ўчастку стралковага палка падпалкоўнік Г. Юлдашава ворагу ўдалося ўклініцца ў нашу абарону. «Звязда».

3. Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае або вытворчае падраздзяленне, якое ўтвараецца з пэўнай мэтай. Выбарчы ўчастак. Фармовачны ўчастак цэха. □ Марыя Хведараўна прыняла Палеткаўскі ўрачэбны ўчастак і рабіла аб’езд вёсак. Марціновіч. Камуністы станавіліся душою кожнай брыгады, участка, усяе будоўлі. Па іх раўнялася моладзь, за імі ішлі ўсе нафтабудаўніцы. Грахоўскі.

4. Галіна, сфера якой‑н. дзейнасці. Партыя і камсамол накіроўвалі.. [Галавача] на самыя адказныя ўчасткі работы. Хведаровіч.

5. Аддзяленне паліцыі ў дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама будынак, у якім размяшчалася такая ўстанова. Паліцэйскі ўчастак. □ Па вёсках спешна будаваліся паліцэйскія ўчасткі-пастарункі, па гарадах і мястэчках — гарнізонныя казармы. Паслядовіч.

участко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ўчастка (у 3 і 5 знач.). Участковы урач. Участковы аграном. Участковая выбарчая камісія.

2. у знач. наз. участко́вы, ‑ага, м. Разм. Афіцэр міліцыі, які наглядае за парадкам у падведамным яму ўчастку. [Мужчыны] звязалі Івана. І пакуль пісаўся акт, прыйшлі ўчастковы і старшыня сельсавета. Гаўрылкін.

3. у знач. наз. участко́вы, ‑ага, м. Разм. Начальнік паліцэйскага ўчастка (у 5 знач.).

учасці́цца, ‑ціцца; зак.

1. Стаць больш частым, пачаць часцей паўтарацца. Учасціліся раннія замаразкі. Учасціліся перакуры. □ Косцю заняло дух, учасціўся рытм сэрца. Карпюк.

2. Зрабіцца больш скорым, хуткім.

учасці́ць, учашчу, учасціш, учасціць; зак., што.

1. Зрабіць больш частым, часцей паўтараць. Учасціць свае паведванні.

2. Зрабіць больш скорым, хуткім. Учасціць рытм руху.

учатыро́х, прысл.

У колькасці чатырох асоб (асобна пра мужчын або пра жанчын). Недзе, за некалькі вёрст, быў пажар, — ружовы промень ледзьве трапятаўся на чорным небе. Алесь падышоў [да пажарнага склада]. Каля помпы стаялі ўчатырох. Чорны.

учацвяры́х, прысл.

Колькасцю ў чатыры асобы (пра асоб рознага полу або істот ніякага роду).