Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тлумача́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да тлумачальнік.

тлумача́льны, ‑ая, ‑ае.

Які заключае ў сабе тлумачэнне, трактоўку чаго‑н. Тлумачальны слоўнік.

тлума́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад тлумачыць.

тлума́чыцца, ‑чыцца; незак.

Зал. да тлумачыць.

тлума́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. што. Даваць якое‑н. тлумачэнне чаму‑н.; раскрываць сэнс, сутнасць чаго‑н. Тлумачыць закон. Тлумачыць вучэнне. Тлумачыць слова. □ І як ні хітрыў .. [Лабановіч] сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе — не думаць аб панне Ядвісі. Колас. // Каменціраваць які‑н. твор пісьменніка, твор пісьменнасці. Тлумачыць «Раскіданае гняздо» Я. Купалы. □ Народную легенду .. [Міровіч] успрымае і тлумачыць па-свойму. Сабалеўскі.

2. што і без дап. Асвятляць якое‑н. пытанне, дапамагаючы засвоіць, зразумець сэнс чаго‑н. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання голасу, тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч. — Саўгас наш малады, — тлумачыў Іван Іванавіч рабятам, — можна сказаць, на голым месцы ўсё пачынаем. Даніленка. Захар Пятровіч паставіўся да .. [Міхася] уважліва: падрабязна тлумачыў яму, што для чаго служыць, і навошта тое ці іншае робіцца. Шахавец.

тлумачэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тлумачыць. // Тое або іншае разуменне, асвятленне чаго‑н., трактоўка. Тлумачэнне вобраза. □ Словы былі незразумелымі для Язэпкі, і ён стараўся .. даваць ім свой змест, сваё тлумачэнне. Бядуля.

2. Тое, што тлумачыць што‑н., памагае зразумець прычыну чаго‑н. Нарэшце .. [ляснік] знайшоў сваім паводзінам пераканаўчае тлумачэнне. Шчарбатаў.

тлумі́ць, тлумлю, тлуміш, тлуміць; незак., каго-што.

Разм. Марочыць галаву; празмерна дакучаць гаворкай, шумам.

•••

Тлуміць галаву — марочыць, задурваць, пазбаўляць магчымасці разумна разважаць. Данік, пачынаючы з панядзелка, увесь тыдзень тлуміў мне галаву, каб у выхадны дзень мы селі на човен і падняліся да той памятай для яго пераправы. Краўчанка.

тлу́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыводзіць да адурэння, пазбаўляе здольнасці ўспрымаць, разумець што‑н. Тлумная работа. □ Кастусь стаміўся ад гаворак, ад тлумнай духаты, а таму з асалодай дыхаў свежым начным паветрам. Гаўрылкін. // Пазбаўлены здольнасці ўспрымаць, разумець што‑н. Юра пакруціў цяжкай, тлумнай ад катаванняў галавой і працадзіў скрозь зубы: — Ні слова... Ні слова... Бураўкін. // Незразумелы, небяспечны. Чаго яму [Хрысцюку] лезці ў гэтыя тлумныя справы! Зачэпіш яшчэ каго — бяды на сябе паклічаш. Дуброўскі.

2. Шумны, гаманлівы, неспакойны. Дасціпныя і праз меру адданыя канвойнікі наводзілі парадак у .. тлумным і стракатым натоўпе. Колас. У вагоне я доўга не мог заснуць — ці не таму, што нарэшце вырваўся з тлумнага горада, еду далей ад рэдакцыйнага клопату і дробных жыццёвых турбот, што буду, хоць і не надта доўга, вольны. Сачанка.

тлустава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху тлусты. Тлуставатае мяса.

тлу́стасць, ‑і, ж.

1. Тлушч. Седзячы кружком вакол агню, задуменна глядзелі на скваркі сала, пакручвалі іх і — каб не сцякала дарэмна шмат тлустасці — падстаўлялі акрайцы хлеба. Нікановіч. Апрача таго, тлустасць барсука вельмі памагае ад прастуды і ідзе для шмаравання ботаў, асабліва паляўнічых. Маўр.

2. Ступень утрымання тлушчу ў чым‑н. Тлустасць малака.

3. Укормленасць, сытасць.