ню́ханне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. нюхаць.
ню́хаўка, ‑і, ДМ ‑хаўцы; Р мн. ‑хавак; ж.
Груб. Нос. [Валодзя:] — А ну зараз жа парві!.. — Не буду... — заенчыў Янік, сціснуўшы грошы ў кулаку і засунуўшы руку за пазуху. — Ах, не будзеш... Дык я табе ўсю нюхаўку растаўку... Дайліда.
ню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Абнюхваць адзін аднаго (пра жывёл).
2. перан. Разм. Збліжацца, вадзіцца з кім‑н.; згаворвацца. У мястэчку цешыліся, што з Ёшкам адбылося такое здарэнне, — казалі: «Добра... Гэта яму за тое, што нюхаецца з паліцыяй...» Пестрак.
ню́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што. Удыхаць праз нос які‑н. пах. Перад самым домам стаяў вялікі сабака і, схіліўшы галаву, нюхаў нешта на зямлі. В. Вольскі. Старэйшыя калгаснікі выходзілі ў поле, бралі ў жмені зямлю, расціралі яе паміж пальцаў, нюхалі. Курто. Андрэй Сцяпанавіч запускаў руку то ў ячмень, то ў пшаніцу, перасыпаў з далоні на далонь зярняты, нюхаў іх. Бялевіч. // Удыхаць у нос (лекавы, наркатычны і пад. сродак). Нюхаць тытунь.
2. перан. Разм. Выведваць, высочваць. [Альжбета:] — Э-э! Я думала, хто там!.. Ажно нічога людскага. Толькі ездзіць ды нюхае, якая дзяўчына пасагу больш мае. Купала.
•••
(І) не нюхаў чаго — не зведаў чаго‑н., не знаёмы з чым‑н.; не мае аб чым‑н. ніякага ўяўлення.
Не нюхаць пораху — не быць на вайне, не ваяваць.
нюхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да нюхаць (у 1 знач.).