Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жэ́рдачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да жэрдка; невялікая жэрдка. На гнуткай жэрдачцы калыска Звісае к самаму палку. Колас.

жэ́рдзе, ‑я, н., зб.

Жэрдкі, жардзіны. Хто цягнуў з лесу жэрдзе для стаўбоў, хто ўвіхаўся з сухастоінаю-ялінаю, апрацоўваючы яе. Гартны.

жэрдзь, ‑і, ж.

Тое, што і жардзіна. Над стагамі Жэрдзі-вежы... Чарот. [Іван Міхайлавіч] убачыў і кладку, сярэдняй таўшчыні жэрдзь. Самуйлёнак.

жэ́рдка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Доўгі тонкі, ачышчаны ад галля ствол дрэва, прызначаны для гаспадарчых мэт. Плот з жэрдак. □ За Свіслаччу жэрдка ад стога, Як тычка, стаіць сіратой. Колас. // Доўгая выструганая палка; шост. Вядро, гойдаючыся на жэрдцы, стукалася аб зруб. Чорны. Павёў доктар пана ў лазню, пасадзіў на палок ды загадаў трымацца аберуч за жэрдку. Якімовіч.

жэ́рліца, ‑ы, ж.

Рыбалоўная снасць для лоўлі драпежнай рыбы на жыўца. Паставіць жэрліцы.

жэ́рці, жару, жарэш, жарэ; жаром, жараце; пр. жор, жэрла; заг. жары; незак., каго-што і без дап.

Разм. Прагна і многа есці. — [Свіння] хаця і гняце ўсё пад ногі, дык затое і жарэ ўсё, што толькі зачэпіць лычам. Самуйлёнак.

жэст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Рух рукі, галавы, які суправаджае або замяняе чалавечую мову. Сонцаў дапаўняў свой расказ звыклымі жэстамі, бо яўна не верыў у сілу слова. Мележ. // Рух цела або яго частак наогул. Прывычным вокам Варанецкі агледзеў.. [дакументы], прывычным жэстам узяў асадку і падпісаў некалькі паперак. Скрыган. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам, стары ўзняў галаву: — А ён што думаў? Брыль.

2. перан. Які‑н. наўмысны, загадзя разлічаны ўчынак. Знайшліся мецэнаты, якія пачалі рабіць апякун[скі]я жэсты, нават .. даходзіла да «салодкіх абяцанак наладзіць паездкі па Еўропе». У. Калеснік.

[Фр. geste.]

жэстыкулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.

Рабіць жэсты (у 1 знач.). Людзі голасна размаўлялі, спрачаліся, жэстыкулявалі. Карпаў.

жэстыкуля́цыя, ‑і, ж.

Карыстанне жэстамі (у 1 знач.). Па жэстыкуляцыі, па артыстычнай позе можна было меркаваць, што такое публічнае чытанне вельмі падабалася і самому аўтару. Машара.

жэто́н, ‑а, м.

1. Металічны знак, які паказвае на прыналежнасць да якой‑н. арганізацыі ці таварыства або выдаецца на памяць аб якой‑н. падзеі. Залаты жэтон.

2. Значок, часцей у форме металічнага кружка, які дае права на атрыманне чаго‑н. Жэтон на алей. Жэтон на сок.

[Фр. jeton.]