Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жму́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Сціскаючы павекі, прыплюшчваць вочы. І ўжо дзед стрэльбу да пляча прыставіў і жмурыцца пачаў левым вокам. Лынькоў. Аднойчы з калегам мы ляжалі на гарачым беразе і жмурыліся ад сонца, разглядаючы на гарызонце празрысты дымок парахода. Скрыган. // Прыплюшчвацца, прыкрывацца (пра вочы). Калі Павел на што-небудзь скардзіўся, вочы дзядзькі жмурыліся. Гроднеў. Ад нязвыклага зіхацення снегу самі жмурыліся вочы. Шамякін.

жму́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

Сціскаючы павекі, прыкрываць, прыплюшчваць вочы. [Хлопчык] жмурыць вочкі ад святла. Шамякін.

жмут, ‑а, М жмуце, м.

Невялікі скрутак чаго‑н. Замест адказу Сцяпан дастаў з-за пазухі цэлы жмут паперак. Колас. [Міхалка] парваў жмут высокай травы, спехам перавязаў яе абрыўкам вяровачкі, і атрымаўся ладны венік. Якімовіч. Ракуцька паспеў даесці хлеб і скруціць у жмут пустую торбу. Чорны. // Звязак некалькіх аднародных прадметаў. Жмут вяровак. Жмут ключоў.

жму́так, ‑тка, м.

Невялікі жмут; тое, што і жмут. Жмутак травы.

жмуто́к, ‑тка, м.

Памянш. да жмут; невялікі жмут. Рэдактар сунуў у рукі Лабановічу жмуток доўгенькіх паперачак. Колас.