Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

белавы́, ‑ая, ‑ое.

Перапісаны на чыста; проціл. чарнавы. У фондах музея Купалы захоўваюцца белавы і два чарнавыя аўтографы верша «Крым». «Маладосць».

белагало́вы, ‑ая, ‑ае.

У якога галава са светлымі або сівымі валасамі. Вы таксама памятаць павінны Хлапчукоў белагаловых, нас. Смагаровіч.

белагвардзе́ец, ‑дзейца, м.

Той, хто змагаўся ў радах белай гвардыі супраць Савецкай улады, а таксама член антысавецкай контррэвалюцыйнай ваеннай арганізацыі; контррэвалюцыянер. Бітва кіпела, не заціхала, Кроў вызначала ў полі сляды, Белагвардзейцы, як генералы, Беглі, ўцякалі а хто куды. Купала.

белагвардзе́йка, ‑і, ДМ ‑дзейцы; Р мн. ‑дзеек; ж.

Жан. да белагвардзеец.

белагвардзе́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да белагвардзейцаў; контррэвалюцыйны. Белагвардзейскія банды.

белагвардзе́йшчына, ‑ы, ж., зб.

Белагвардзейцы, контррэвалюцыянеры. — Цяпер, таварышы, становішча такое, — пачаў.. [Рыгор], — што як ніколі яшчэ за ўвесь час грамадзянскай вайны Савецкай рэспубліцы пагражае небяспека з боку белагвардзейшчыны ўсякай і Антанты. Галавач.

белагру́ды, ‑ая, ‑ае.

У якога белыя грудзі. Будуць вечна сады расцвітаць, Белагрудыя ластаўкі лётаць. Панчанка.

белагры́вы, ‑ая, ‑ае.

У якога белая грыва. Белагрывы конь.

беладо́нна, ‑ы, ж.

1. Шматгадовая травяністая ядавітая расліна сямейства паслёнавых з чорнымі ягадамі.

2. Лякарства з карэнняў і лісцяў гэтай расліны.

[Іт. belladonna прыгожая дама.]

беладрэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які зроблены з дрэва без паліроўкі і фанернага аздаблення. // У якім вырабляюцца падобныя вырабы. Беладрэўны цэх.