Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

карма́, ы́, ж.

1. Задняя частка судна, процілеглая носу. Параход плаўна адваліў ад прыстані. За яго кармой запенілася вада. Даніленка. [У лодцы] сядзела трое. На карме — інжынер Сакавітаў з рулявым вяслом у руках. Шамякін. // Пра заднюю частку танка, самалёта. Танк, як ляцеў, раптам з разгону асеў на адзін бок, падкінуўшы карму. Мележ.

2. Тое, што і куль ​3. Нарэшце і карма, гэты вялізны мяшок-сетка, схавалася пад лёдам. Хадкевіч.

карма... (гл. корма...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «корма...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: кармапровад, кармарэзка, кармасумесь.

кармавы́ 1, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да корму. Кармавая база. Кармавая вартасць сена. // Які служыць кормам, прыгодны для корму. Кармавыя буракі. Кармавыя травы. // у знач. наз. кармавы́я, ‑ых. Кармавыя культуры. Мяркуецца пачаць асушку балота пад пасевы кармавых. Дуброўскі.

•••

Кармавыя дрожджы гл. дрожджы.

кармавы́ 2, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да кармы, знаходзіцца на карме. Кармавая частка судна. Кармавое вясло. Кармавы флаг.

2. у знач. наз. кармавы́, ‑ога, м. Матрос, які працуе на карме; рулявы.

кармаку́хня, ‑і; Р мн. ‑хань; ж.

Спецыяльна абсталяванае памяшканне на ферме для прыгатавання корму жывёле і птушцы. Механізаваная кармакухня. □ Паблізу рачулкі размяшчаўся гаспадарцы двор — канюшня галоў на сорак, кароўнік і свінарнік, кармакухня. Хадкевіч.

карманьёла, ‑ы, ж.

Французская народная рэвалюцыйная песня-танец.

[Фр. carmagnole.]

кармапро́вад, ‑а, М ‑дзе, м.

Прыстасаванне для аўтаматычнай падачы корму ў кармушкі.

кармарэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Машына для здрабнення, рэзкі кармоў.

кармасу́месь, ‑і, ж.

Жывёльны корм, прыгатаваны з сумесі розных траў, прадуктаў.

кармацэ́х, ‑а, м.

Цэх на жывёлагадоўчай ферме для механізаванай нарыхтоўкі кармоў.

кармі́лец, ‑льца, м.

Тое, што і карміцель. Сын жа быў сям’і апораю і кармільцам быў адзін, Працаваць хадзіў на фабрыку. Танк. Рабочы пасёлак туліўся ля невялікага цвікавага завода, які быў кармільцам усіх, хто жыў у пасёлку. Корбан.