Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даво́лі, прысл.

1. (у спалучэнні з прым. або прысл.). У значнай ступені, у вялікай меры. Собіч палажыў на стол перад Варанецкім даволі вялікі стос паперак. Скрыган. Ісці Ніне прыйшлося даволі доўга. Шчарбатаў.

2. безас. у знач. вык. Дастаткова, колькі трэба. Сіл і майстэрства ў нашых перакладчыкаў даволі. Лойка. Не імкнуўся я ніколі За багаццем хіжа гнацца. Усяго ў мяне даволі: Цэлы свет — маё багацце. Панчанка. // Досыць, хопіць; пара спыніць. Даволі гуляць у хованкі! □ Заглянула сонца ў вочкі, Дзень прыйшоў — даволі сну! Чарот.

3. безас. з інф. У складаным сказе, звычайна са злучн. «як», «і», «каб» у другой частцы, абазначае ўмову хуткага наступлення дзеяння або непазбежнага з’яўлення выніку. Даволі прайсціся раз у дзень па чыгунцы — вярсты дзве туды ды назад — вось і поўны кішэні здабытку. Лынькоў. Даволі было.. [салдату] аднаму пабыць гэты малы час тут, на ціхім полі, у ціхую ноч, як тое пекла, што адышло кудысьці наперад, зноў паўстала перад ім з усёю сваёю сілай. Чорны.

даво́льны, ‑ая, ‑ае; ‑лен, ‑а.

Тое, што і здаволены. І Костусь рады і давольны: цяпер гулянак свет раздольны. Колас. — Ты думаеш, я вельмі даволен тым, што зрабіў? — пытаўся Зарэцкі. — Не, ганарыцца няма чым. Скрыган.

даво́рванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. даворваць — даараць.

даво́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да даарацца.

2. Зал. да даворваць.

даво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да даараць.

даву́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад давучыць.

даву́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да давучыцца.

2. Зал. да давучваць.

даву́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да давучыць.

давучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.

1. Завяршыць сваю адукацыю, дакончыць навучанне чаму‑н. Давучыцца на курсах.

2. Правучыцца да якога‑н. тэрміну, класа, курса і пад. Давучыцца да лета. Давучыцца да трэцяга курса.

3. Разм. Працяглай вучобай давесці сябе да непрыемных вынікаў. Давучыўся да таго, што страціў зрок.

давучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго-што.

1. Правучыць каго‑н. да канца, да якога‑н. тэрміну, класа, курса і пад. Давучыць дзяцей да вясны. □ Мачыха не выгнала.. [Каці] з хаты, а карміла, апранала і нават давучыла яе. Гаўрылкін.

2. Давесці вывучэнне чаго‑н. да канца, да якой‑н. мяжы. Давучыць табліцу множання. Давучыць верш да сярэдзіны.