даво́лі, прысл.
1. (у спалучэнні з прым. або прысл.). У значнай ступені, у вялікай меры. Собіч палажыў на стол перад Варанецкім даволі вялікі стос паперак. Скрыган. Ісці Ніне прыйшлося даволі доўга. Шчарбатаў.
2. безас. у знач. вык. Дастаткова, колькі трэба. Сіл і майстэрства ў нашых перакладчыкаў даволі. Лойка. Не імкнуўся я ніколі За багаццем хіжа гнацца. Усяго ў мяне даволі: Цэлы свет — маё багацце. Панчанка. // Досыць, хопіць; пара спыніць. Даволі гуляць у хованкі! □ Заглянула сонца ў вочкі, Дзень прыйшоў — даволі сну! Чарот.
3. безас. з інф. У складаным сказе, звычайна са злучн. «як», «і», «каб» у другой частцы, абазначае ўмову хуткага наступлення дзеяння або непазбежнага з’яўлення выніку. Даволі прайсціся раз у дзень па чыгунцы — вярсты дзве туды ды назад — вось і поўны кішэні здабытку. Лынькоў. Даволі было.. [салдату] аднаму пабыць гэты малы час тут, на ціхім полі, у ціхую ноч, як тое пекла, што адышло кудысьці наперад, зноў паўстала перад ім з усёю сваёю сілай. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)