Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даве́рлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць даверлівага. Дзіцячая даверлівасць. □ Таццяна радасна ажывілася — ёй надзвычайна прыемна было, што Зелянюк ставіцца да яе з шчырай даверлівасцю і нават радзіцца з ёй. Зарэцкі.

даве́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка верыць у шчырасць, праўдзівасць каго‑, чаго‑н., схільны аказваць давер’е. Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця. Колас. // Які выражае давер’е. Даверлівы тон. □ Дзед прысеў каля ўнукаў, паглядзеў у іх даверлівыя вочы, пацалаваў абаіх. Пестрак. // Заснаваны на давер’і. Даверлівыя адносіны паміж людзьмі.

даве́рнік, ‑а, м.

Той, хто выдаў каму‑н. даручэнне (у 2 знач.).

даве́рніца, ‑ы, ж.

Жан. да давернік.

даве́рны, ‑ая, ‑ае.

Які сведчыць аб даручэнні каму‑н. чаго‑н. Давернае пісьмо.

даве́рху, прысл.

Роўна з верхнімі краямі. Каструля была вялікая, на пяць літраў, і налілі ў яе амаль што даверху — на выпадак, калі хто папросіць дабаўкі. Дамашэвіч. На другі дзень Кастусь Махнач сустракаў каля кузні першую падводу, даверху нагружаную старым жалезным ламаччам. Курто.

•••

Знізу даверху — а) усюды, у любым месцы. У кошыку знізу даверху былі баравікі; б) ад ніжэйшых інстанцый да вышэйшых. У кнізе звыш двухсот дакументаў... Тут прадстаўлены ўвесь урадавы апарат знізу даверху. Г. Кісялёў.

даве́ршаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад давяршыць.

даве́ршваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да давяршыць.

даве́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; заг. даверся; зак., каму-чаму.

Аказаць каму‑, чаму‑н. давер’е, паспадзявацца на каго‑, што‑н. Пеця вырашыў даверыцца камісару. Ён расказаў пра ўсё. Сіняўскі. Пакінем яснасць на чарзе, Даверымся людскому лёсу. Бачыла.

даве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; заг. давер; зак., каго-што або з інф.

Аказаўшы давер’е, даручыць каму‑, чаму‑н., перадаць пад чыю‑н. адказнасць. Даверыць таварышу машыну. □ Патрэбен быў памочнік, шчыры і пісьменны чалавек, добра пісьменны, каб яму можна было даверыць любую справу. Чарнышэвіч.