дзіку́нства, ‑а, н.
1. Уласцівасць і стан дзікунскага; дзікасць. У Караліне меўся адбыцца сход сялян, які павінен быў вырашыць пытанне, ці жыць калектыўна, ці гібець у аднаасобніцкім дзікунстве. Сабаленка.
2. Паводзіны, учынкі дзікуна. — Вось яшчэ дзікунства! Да чалавека нельга зайсці. Выдумалі. Шамякін. Даведаўшыся, Загорскі пачаў судзіць сябе і забойцу. Так, гэтаму варварству і дзікунству няма апраўдання. Караткевіч.
дзіра́, ‑ы; мн. дзіры; ж.
1. Вялікая дзірка (у 1 знач.); тое, што і дзірка. — Падай мне які-небудзь кол, а я ім здолею развярнуць дзіру так, што нават і сам улезу. Маўр. Пашчапала мачты вірам, Баржа знемагала. Трум праз шчыліны і дзіры Вада залівала. А. Александровіч.
2. Тое, што і дзірка (у 2 знач.). Штрыпке бездапаможна схапіўся за галаву і праклінаў увесь свет і сваю прафесію, праз якую ён трапіў у гэту.. дзіру, як называў ён падуладныя яму дэпо і станцыю. Лынькоў.
дзіра́віць, ‑раўлю, ‑равіш, ‑равіць; незак., што.
Рабіць дзіркі ў чым‑н. [Весялоў] успомніў усё: і завыванне ветру ў стропах парашута, і сухі трэск куль, што разрывалі, дзіравілі шоўк, і пах свежых сасновых дошак, і пах салідолу ад халодных авіябомб. Шашкоў.
дзіра́вы, ‑ая, ‑ае.
З дзіркай (дзіркамі). Дзіравае вядро. Дзіравая лодка. □ Галубы ў старым, дзіравым кошыку, падвязаным пад лацінай, выседзелі галубянят. Брыль. // Зношаны да дзірак, парваны (пра адзенне, яго часткі). Дзіравая кашуля. □ Дзіравую кішэню ніколі не напоўніш. Прыказка.
•••
Дзіравая барада гл. барада.
Дзіравая галава гл. галава.
Дзіравая памяць гл. памяць.
Дзіравыя рукі гл. рука.
дзірако́л, ‑а, м.
Разм. Канцылярская прылада для прабівання круглых дзірак у паперы.
дзі́рачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш. да дзірка (у 1 знач.); невялікая дзірка. Тысячы шчылінак і дзірачак загараліся на сонцы, і ўсё гумно налівалася бліскучымі патокамі святла, зіхцела, жыло і ззяла ў залатых праменнях. Колас.