каранты́ш, ‑а, м.
Разм. Пра чалавека малога росту. — Ат, не прыставай. Я доўга не буду, толькі пабачу аднаго чалавека і прыйду, — супакоіў яе Лявон, прысадзісты, шырокі ў плячах карантыш. Дамашэвіч. — Не, браток, ты заставайся, — Адказаў малому Вася, — Ад цябе ўцякла і мыш. Да спаткання, карантыш!.. Муравейка.
каранці́н, ‑у, м.
1. Часовая ізаляцыя заразна хворых і асоб, якія сутыкаліся з імі, з мэтай прадухіліць распаўсюджанне інфекцыі. Тэрмін каранціну. Накласці каранцін. // Сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на ліквідацыю інфекцыі (сярод насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і пад.). Інспекцыя па каранціну.
2. Санітарны пункт для агляду асоб, суднаў і тавараў, якія прыбываюць з заражанай мясцовасці. — Я ўжо хадзіў, распытваў. Тут, у каранціне, нас могуць пратрымаць яшчэ доўгі час. Лынькоў.
[Фр. quarantaine.]
каранці́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да каранціну, звязаны з ім. Каранцінны тэрмін. Каранцінныя мерапрыемствы.
караняно́жкі, ‑жак; адз. караняножка, ‑і, ДМ ‑жцы, ж.
Падклас прасцейшых жывёл (амёб і інш.), якія маюць уласцівасць утвараць часовыя вырасты для перасоўвання і захоплівання ежы.
караняпло́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да караняплода, караняплодаў. Караняплодная расліна.
караняпло́ды, ‑аў; адз. караняплод, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Культурныя расліны (буракі, морква, бручка і пад.) з мясістым коранем, які скарыстоўваецца ў ежу, на корм жывёле і для тэхнічных мэт. Кармавыя караняплоды.
2. Патоўшчаныя карані гэтых раслін. Буйныя караняплоды. Скормліваць караняплоды.
каранярэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
Машына для рэзкі караняплодаў пры апрацоўцы іх на корм жывёле або для іншых мэт.
каранясло́ў, ‑лова, м.
Уст. Слоўнік карэнных слоў і вытворных ад іх; этымалагічны слоўнік.
карапу́з, ‑а, м.
Разм. жарт. Пра маленькага хлопчыка. Аж здзіўляюцца суседзі: — Малайчына!.. Ай, ды Федзя!.. — Вось табе і карапуз. — Гэткі вырасціў гарбуз! Шуцько. / Пра тоўстага нізкарослага чалавека.
карапу́зік, ‑а, м.
Разм. жарт. Тое, што і карапуз. Адзін карапузік, з сінім ад чарніц ротам, відаць, за камандзіра ў іх быў. Кулакоўскі.