Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

безупы́нны, ‑ая, ‑ае.

Пастаянны, бесперапынны. Бабка Наста гаварыла доўга і многа.. Гутарка лілася безупынным зацяжным восеньскім дожджыкам. Колас. У вершалінах старых хвояў стаяў безупынны і роўны, як вечнасць, шум. Чорны. // Які часта паўтараецца, адбываецца бесперастанку. [Ганна Сяргееўна].. успамінала безупынныя бамбёжкі Масквы, мітуслівы натоўп на вуліцах. Няхай.

безуса́дачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які не памяншае сваіх памераў пры эксплуатацыі, не дае ўсадкі (пра тканіны). Безусадачная матэрыя.

безуце́шны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае ўцехі, якога нельга паслабіць, зменшыць уцехаю. Безуцешная туга. □ Ачнулася толькі пад вечар яна У змрочным палацы Барыны З бядою сваёй безуцешнай адна, У лютай няволі дзяўчына. Танк.

безыдэ́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць безыдэйнага; адсутнасць ідэйнасці. Барацьба з безыдэйнасцю.

безыдэ́йны, ‑ая, ‑ае.

Такі, у якім адсутнічае ідэйнасць. Безыдэйны твор.

безыме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае імя, назвы або яны не вядомыя. [Яраш:] — Я звярнуў у вузкі безыменны завулак, па якім некалі хадзіў да ракі. Шамякін. Безыменнай, безгалосай Ты была, краіна. Колас. // Аўтар якога невядомы; ананімны. Песня Шаўчэнкі безыменнай жыла ў беларускім народзе многія дзесяткі год. Купала.

•••

Безыменны палец гл. палец.

безыніцыяты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць безыніцыятыўнага; адсутнасць ініцыятывы.

безыніцыяты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не праяўляе ініцыятывы; пасіўны. Безыніцыятыўны працаўнік.

безэ́, нескл., н.

Лёгкае пірожнае з узбітых яечных бялкоў і цукру.

[Ад фр. baiser — пацалунак.]

без’язы́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не валодае мовай, нямы. Пакута плёскае праз край! А ты глядзі і не зважай! А ты маўчы, як без’языкі! Колас. // Які дрэнна, невыразна гаворыць.

2. перан. Які не ўмее прыгожа і дасціпна гаварыць, трапна адказаць. Праўда, і сам.. [Алесь] быў далёка не без’языкі, — і перакінуўся з ёю ветліва-вострым слаўцом, і пасмяяўся разам з хлопцамі, але ж і злосны быў на тую... падумаеш! — німфу, пакуль, нарэшце, не прыехалі хлопцы з музыкамі... Брыль. // Які не можа, не адважваецца сказаць што‑н. каму‑н.