Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзелавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Звязаны з работай, службай, якой‑н. справай. Дзелавая размова. Дзелавая перапіска. Дзелавая паездка. Дзелавыя сувязі. □ Не паспеўшы яшчэ прысесці, .. [інспектар] зараз жа звярнуўся да Трахіма Пятровіча з чыста дзелавымі пытаннямі: ці ёсць прылады пісьма, ці ўсё падгатавана ў школе, ці павешаны на сцяне карты. Колас. // Які датычыць сутнасці справы, практычна карысны; істотны. Дзелавая заўвага. Дзелавое абмеркаванне. Дзелавая падтрымка. □ Усе, хто зварочваецца да яе, заўсёды ўпэўнены ў тым, што ад Марусі яны атрымаюць дзелавы адказ. Брыль. Былі і кароткія дзелавыя рэзалюцыі з прапановамі абраць містэра Лаяна .. пажыццёвым старшынёй. Лынькоў.

2. Які ведае сваю справу, сур’ёзна ставіцца да яе. Гофман паказаўся Філістовічу дзелавым чалавекам. Паслядовіч. // Уласцівы дзелавітаму, занятаму чалавеку. Дзелавыя якасці. □ Памаўчаўшы, нібы не адважваючыся адразу, Рыгор Васільевіч пачаў дзелавым тонам: — Я хацеў бы, Ганна Мікалаеўна, на нейкі час пасяліцца ў вашай хаце. Грахоўскі.

3. Звязаны са справаводствам; які адлюстроўвае дакументы справаводства. Дзелавыя паперы. Канцылярска-дзелавы стыль. // Які спрыяе паспяховаму ходу справы, работы. На заводзе створана дзелавая абстаноўка, творчая атмасфера. «Звязда». Земнюкову прапазіцыю ўхвалілі.., і на сходзе зноў запанаваў спакойны дзелавы настрой. Зарэцкі.

4. Прыгодны ў якасці матэрыялу для якіх‑н. вырабаў. Дзелавая драўніна.

дзе́ліва, ‑а, н.

Тое, што і дзялімае.

дзель, ‑і, ж.

1. Частка, доля, выдзеленая каму‑н. для карыстання, апрацоўкі і пад. — Каму гэты? — паказаў пальцам Кісяленка на крайні кусок хлеба. — Першаму, — адказаў Віктар. Марынчук узяў сваю дзель. С. Александровіч. Мацвею тады хутарок дастаўся. Быў якраз такі на яго дзель абрубак зямлі. Лобан.

2. Вынік дзялення аднаго ліку на другі.

дзе́льнік, ‑а, м.

Лік, на які дзеляць другі лік.

дзе́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзелавіты, дзелавы. Добры.. [Рудаў] чалавек, дзельны і чулы, гаворыць канкрэтна. Пташнікаў.

2. Практычна карысны; істотны; слушны. Надзя наогул яшчэ нікому не дала дзельнай парады, і таму толькі паціскала плячамі. Карпюк.

дзе́ля, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «дзеля» выражае:

Мэтавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, для якіх, у інтарэсах якіх робіцца, ажыццяўляецца што‑н. Да таго ж яна была вельмі прывязана да свайго старога бацькі, які пераканаў Адэлю, што ўсё, што ён робіць, — толькі дзеля яе. Броўка. Алесь заўсёды захапляўся людзьмі, якія мелі сваю адзіную мэту і жылі дзеля яе. Шыцік.

2. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. У чорнай адубелай гліне відаць цэлая сістэма пячурак, што дзеля забаўкі пакапалі, пасвячы коней, сялянскія хлапчукі. Зарэцкі. Два сукаватыя фікусы расстаўлены па кутках, дзеля сіметрыі. Лось.

Прычынныя адносіны

3. Уст. Ужываецца пры ўказанні на прычыну або падставу дзеяння. [Юльцы] вельмі смачна рабіць тое, чаго няможна. Маці мае дзеля гэтага вялікія клопаты. Бядуля.

дзень, дня; Р мн. дзён; м.

1. Частка сутак, час ад усходу да заходу сонца, ад раніцы да вечара. Ціхія ясныя дні, пасля дажджоў, палалі сонцам. Чорны. Ад лагера да Кромані.. не больш дваццаці кіламетраў, аднак на гэты пераход быў затрачаны доўгі летні дзень. Брыль. // Дзённае святло. [Маці] устала да дня, напякла бліноў ды прылегла адпачыць. Ваданосаў. — Уцякай жа за пагодай, Донька маладая, Покі дзень засвеціць ясны, Покі сіл хапае! Купала.

2. Суткі, прамежак часу ў 24 гадзіны. У тыдні сем дзён. □ Ужо колькі дзён, як ціхімі вечарамі глуха гудзе зямля, і гэты гул нарастае штодня. Лынькоў. // Прамежак часу ў сутках або цэлыя суткі, прысвечаныя пэўнаму роду заняткаў, дзейнасці. Дзень адпачынку. Святочны дзень. Кірмашовы дзень. Прыемны дзень.

3. Дакладна вызначаны тэрмін, дата, прысвечаная якой‑н. падзеі, святкаванню чаго‑н. Дзень Канстытуцыі. Міжнародны жаночы дзень. □ У той вечар яны адзначалі дзень нараджэння аднаго з таварышаў; у брыгадзе з’явілася і такая традыцыя — калектыўна адзначаць дні нараджэння. Лось.

4. толькі мн. (дні́, дзён). Пэўны час, перыяд жыцця. Дні дзяцінства. □ Апошнія канікулы былі самымі шчаслівымі, светлымі днямі жыцця. Шамякін. Дні прайшлі, На галаву апалі Замаразкі першай сівізны. Панчанка.

•••

Дзень адкрытых дзвярэй — дзень вольнага доступу (з мэтай азнаямлення з прадпрыемствам, навучальнай установай і г. д.).

Павестка дня гл. павестка.

Палярны дзень — частка года за палярным кругам, на працягу якой сонца не заходзіць.

Парадак дня гл. парадак.

Посны дзень — дзень, у які згодна з царкоўнымі законамі нельга есці скаромнае.

Рабочы (працоўны) дзень — пэўная колькасць часу, прызначаная для работы, службы.

Разгрузачны дзень — дзень з аблегчанай дыэтай, які назначаецца для асоб, схільных да паўнаты.

Санітарны дзень — дзень, у які праводзіцца санітарны агляд службовага памяшкання.

Светлавы дзень — частка сутак, на працягу якой свеціць сонца.

Скаромны дзень — дзень, у які згодна з царкоўнымі законамі дазваляецца есці малочную і мясную ежу.

Абы дзень да вечара — абы-як, не выяўляючы старання, зацікаўленасці да работы, да жыцця.

Белым днём — удзень, днём.

Грош цана (у базарны дзень) гл. цана.

Гэтымі днямі; на гэтых днях — некалькі дзён таму назад або праз некалькі наступных дзён.

Да канца дзён (сваіх) гл. канец.

Дзень ада дня — а) з кожным днём, паступова. — Дык вот я нешта не бачу, каб дзень ада дня лепш рабілася, — падцвяліў Конан. Лобан; б) штодзень, кожны дзень. Ты гары, ты рвіся дзень ада дня, з цямна да цямна, а ёй — хоць бы што! Мележ.

Дзень добры!; Добры дзень! — прывітальны зварот пры сустрэчы раніцай або днём.

Дзень за днём — з кожным днём, паступова.

Дзень і ноч — увесь час, пастаянна, бесперапынна.

Дзень у дзень; дзень пры дні — штодзень, кожны дзень.

Дні злічаны чые — мала засталося жыць каму‑н.

Жыць сягонняшнім днём гл. жыць.

Заглянуць у заўтрашні дзень гл. заглянуць.

Заднім днём — больш раннім, чым было на самой справе.

Заўтрашні дзень — недалёкай будучыня; тое, што будзе.

З дня на дзень — а) у бліжэйшыя дні (чакаць каго‑, чаго‑н. і пад.). З дня на дзень чакаўся прыезд меліяратараў. Дуброўскі; б) увесь час, з аднаго дня на другі (адкладваць і пад.). [Ганна] збіралася з дня на дзень паўтарыць паездку, ды... усё не магла сабрацца. Гартны; в) з кожным днём, паступова.

З дня ў дзень — а) кожны дзень, некалькі дзён запар. Над полем, над дарогаю — з дня ў дзень пяшчотная сонечнасць. Мележ; б) з кожным днём, паступова. З дня ў дзень губляла блакітную празрыстасць неба. Краўчанка.

Злоба дня гл. злоба.

Кожны божы дзень — штодзённа.

Лічаныя дні — мала часу; нядоўга.

Навесці цень на ясны дзень гл. навесці.

На злобу дня гл. злоба.

На схіле дзён гл. схіл.

Не па днях, а па гадзінах гл. гадзіна.

Судны дзень — а) паводле рэлігійных уяўленняў, дзень «страшнага» суда, дзень канца свету; б) час расплаты за злачынствы. Судны дзень набліжаецца. З хмары хутка грозных маланак штыкі Па варожых галовах удараць. Куляшоў.

Сярод белага дня — удзень, днём.

Учарашні дзень — былое, мінулае.

Чорны дзень — перыяд нястачы, беднасці ў жыцці; цяжкая часіна.

Чуць дзень — вельмі рана, як толькі пачало світаць.

Як дзень белы — увесь дзень, цэлы дзень.

дзе́рава, ‑а, н.

Разм. Тое, што і дрэва. Той насып, дзе ляжаў Машэка, У мох і дзерава аброс. Купала. Людзям заўсёды патрэбна было дзерава — на хаты, на дошкі, а смалістая лучына — на распал. Навуменка.

дзераве́ншчына, ‑ы, ж.

Разм. пагард. Пра недасведчанага, праставатага чалавека; яго нявыхаванасць. Сам Міхалка, калі ён выпадкам запытае, чаго ён стаіць на каленках, тлумачыць так: — Я яшчэ — «дзеравашчына», не знаю гарадскіх парадкаў і кепска трымаю сябе. От з мяне і выбіваюць, «дзеравеншчыну». Колас.

дзераві́на, ‑ы, ж.

Разм. Адно асобнае дрэва; ствол дрэва. — Тут недзе ўчора ляжалі сухая дзеравіна, здаецца, елка, дык ты не палянуйся, збегай. Чыгрынаў.