дзе́ля, прыназ. з Р.
Спалучэнне з прыназоўнікам «дзеля» выражае:
Мэтавыя адносіны
1. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, для якіх, у інтарэсах якіх робіцца, ажыццяўляецца што‑н. Да таго ж яна была вельмі прывязана да свайго старога бацькі, які пераканаў Адэлю, што ўсё, што ён робіць, — толькі дзеля яе. Броўка. Алесь заўсёды захапляўся людзьмі, якія мелі сваю адзіную мэту і жылі дзеля яе. Шыцік.
2. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. У чорнай адубелай гліне відаць цэлая сістэма пячурак, што дзеля забаўкі пакапалі, пасвячы коней, сялянскія хлапчукі. Зарэцкі. Два сукаватыя фікусы расстаўлены па кутках, дзеля сіметрыі. Лось.
Прычынныя адносіны
3. Уст. Ужываецца пры ўказанні на прычыну або падставу дзеяння. [Юльцы] вельмі смачна рабіць тое, чаго няможна. Маці мае дзеля гэтага вялікія клопаты. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)