ля́мпачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш. да лямпа (у 1 знач.).
2. Тое, што і электрычная лямпа (гл. лямпа). У падвале гарэла адна вялікая і некалькі малых электрычных лямпачак. Карпаў.
•••
Лямпачка Ільіча — вобразная назва электрычнай лямпы як ушанаванне памяці У.І. Леніна, які дбаў пра электрыфікацыю краіны.
лямцава́ты, ‑ая, ‑ае.
Які збіўся ў лямец, нагадвае лямец. Лямцаватая тканіна.
ля́мцавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лямцу, звязаны з яго вытворчасцю. Лямцавы цэх. // Зроблены з лямцу. Лямцавы капялюш. Лямцавая падэшва. □ На.. [Рыме] была зялёная вязаная кофта, чорная караткаватая спадніца, а на нагах лямцавыя тапачкі. Лупсякоў.
лямцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.
Разм. Капялюш, зроблены з лямцу.
ля́мчыцца, ‑чыцца; незак.
1. Збівацца ў лямец, рабіцца лямцам. Воўча лямчыцца.
2. Зал. да лямчыць.
ля́мчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Збіваць у лямец, рабіць лямцам. Лямчыць воўну.
лянда́р, ‑а, м.
Уст. Гаспадар, уладальнік карчмы.
ляні́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць лянівага; лянота.
ляні́вец, ‑ніўца, м.
Паўднёваамерыканская млекакормячая жывёліна, якая жыве на дрэвах і слаба прыстасаваная да хадзьбы па зямлі.
ляні́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які схільны да ляноты, ухіляецца ад працы. Хітрым чалавекам стаў сын Амяльяніхі. Ды не толькі хітрым, але і лянівым. Кавалёў. [Барабаха:] — [Наймічка] на ўсе штукі здатная, толькі да работы лянівая. Якімовіч. / у знач. наз. ляні́вы, ‑ага, м. Цяжкая праца толькі для лянівых. Бічэль-Загнетава. Санлівага не дабудзішся, а лянівага не дашлешся. Прыказка. // Які выяўляе ляноту. — Цяпер маю ахвоту ў цяньку пасядзець пад гэтымі дубамі — лянівым і рахманым голасам сказаў Іван Мацкевіч. Бядуля.
2. Вялы, павольны (пра рухі, паходку і пад.). Праз паўгадзіны сяброўкі пляліся ўжо лянівай паходкай людзей, якім няма куды і няма чаго спяшацца. «Звязда». // перан. Які павольна, слаба дзейнічае. Спакойнае мора задумана і ціха плёскала на берагі лянівай белапеннай хваляй. Самуйлёнак. Недалёка за імшыстымі стваламі дрэў паблісквае лянівымі хвалямі рэчка. Нядзведскі.