Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

галлё, ‑я, н., зб.

Дробнае сучча, галіны. У ззянні песцяцца бярозы, Галлё спусціўшы да зямлі. Колас. Верхавіны .. дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі цяністы зялёны тунель. Чарнышэвіч. // Сухія абламаныя галіны дрэў, кустоў; хвораст, ламачча. Паабапал дарогі .. ляжала вялікае ляда, заваленае сухім галлём. Шамякін.

гало́, нескл., н.

Аптычная з’ява ў форме каляровага бліскучага круга вакол Сонца або Месяца, якая ўтвараецца ў выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталіках верхніх слаёў атмасферы. Кожная [вясёлка] красавалася, з трохі сумнай радасцю паказваючы, як яна падобна на маленькае сонечнае гало. Караткевіч.

[Фр. halo з грэч. hálōs — круг.]

...галовы, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая ужываецца ў значэннях: а) з такой галавой (у 1 знач.), характарыстыка якой даецца ў першай частцы, напрыклад: светлагаловы, чорнагаловы; б) з такой колькасцю галоў (у 1 знач.), якая названа ў першай частцы, напрыклад: трохгаловы, шматгаловы.

гало́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае голад, хоча есці; проціл. сыты, накормлены. Горш адчуваў сябе Пятро — бульба перасядала ў горле, хоць ён учора не вячэраў і быў галодны. Шамякін. Галоднай курыцы проса сніцца. Прымаўка.

2. у знач. наз. гало́дны, ‑ага, м.; гало́дная, ‑ай, ж. Сыты галоднаму не спагадае. З нар.

3. Выкліканы голадам. Галодная смерць.

4. Неўраджайны; бедны на прадукты харчавання. Галодны год. Галодны край. □ На гаду два Юр’і, ды абодва, дурні: увосень халодны, а вясной галодны. З нар.

5. Бедны, недастаткова (для задавальнення патрэбы ў ежы, у сродках жыцця). Галодны абед. Галодны заработак. □ Годзе трымаць на галодным пайку Рагулю, падласую, гнедую: Дарогу турнэпсу! Прастор бураку! Крапіва.

•••

На галодны зуб гл. зуб.

гало́ідны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да галоідаў, змяшчае ў сабе галоіды. Галоідная соль.

гало́іды, ‑аў; адз. галоід, ‑у, М ‑дзе, м.

Уст. Галагены.

[Ад грэч. háls — соль і eidos — від.]

гало́н, ‑а, м.

Мера аб’ёму вадкіх і сыпкіх цел (у Англіі, ЗША і іншых краінах з англійскай сістэмай мер).

[Англ. gallon.]

гало́п, ‑у, м.

1. Хуткі алюр, бег каня наўскач. Конь .. пусціўся ў шалёны галоп, і коннік не стрымліваў яго, не сцішаў. Лынькоў.

2. Даўнейшы танец у хуткім тэмпе, а таксама музыка да гэтага танца. Зайграць галоп.

•••

З месца ў галоп гл. месца.

[Фр. galop.]

гало́пам, прысл.

1. Хуткім алюрам; наўскач. Афіцэр сеў і пагнаў галопам, але ў каня моцна заквактала селязёнка, і коннік перавёў яго на шаг. Карпюк. Бягуць, галопам імчаць коні. Бядуля.

2. перан. Вельмі хутка.

гало́сны, ‑ая, ‑ае.

Які ўтвараецца пры свабодным праходжанні паветра праз поласць рота (пра гукі мовы). Галосны гук. / у знач. наз. гало́сны, ‑ага, м.; гало́сная, ‑ай, ж. Галосныя беларускай мовы. Правапіс галосных.

•••

Беглая галосная — у беларускай мове: галосныя гукі «о» і «е», якія маюцца ў адных формах слова і знікаюць у другіх, напрыклад: сон — сну, пень — пня.