Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

гале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Паступова агаляцца, станавіцца голым (пра лес, поле і пад.). Журба.. ішла не толькі ад таго, што поле галела, што ў ім адчуваўся нядобры, пагібельны подых недалёкай восені. Мележ. // перан. Бяднець.

2. Быць у аголеным стане, выглядаць пустым, голым (пра лес, поле і пад.). Галелі рудыя папары. Гартны. // перан. Жыць бедна. Галеюць дзеці век без хлеба, Падзёрты жончын чаравік. Не маю грош[ай] на патрэбу, — Бо я мужык, дурны мужык. Купала.

гале́ча, ‑ы, ж.

Адсутнасць сродкаў для жыцця; крайняя беднасць. Голад, галеча, непасільная праца на кулацкім полі ад цямна да цямна — хіба не аб гэтым пісалі паэты-класікі? Бярозкін. Над краем колішняй бядота і галечы Жыццё, як сонца, не спыняе рух. Звонак.

га́лечнік, ‑у, м.

Горная парода, якая складаецца з рачной або марской галькі. Дно возера цвёрдае, укладзенае пераважна пяском, гравіем і галечнікам. «Беларусь».

га́лечны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з галькі, пакрыты галькай. Галечны пласт. Галечны бераг.

галёканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. галёкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Восеньскімі раніцамі хвойнік напаўняўся вясёлым гоманам і галёканнем дзяцей. Шамякін.

галёкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Гучна крычаць, звычайна пераклікаючыся ў лесе; гойкаць. Чаму ён, Суконка, павінен хавацца ад тых, з кім некалі разам бегаў у гэты лес, свістаў і галёкаў на ўсё горла? Паслядовіч. Галёкалі, крычалі на ваўка Начлежнікі. Танк. // Шумна размаўляць, галасіста спяваць і пад. Госці галёкалі ў паўтара дзесяткі горлаў так, што ў Сімона зазвінела ў вушах. Самуйлёнак. Не зважаючы на стомленасць, дзяўчаты і хлопцы галёкалі на ўсё балота песні. Сабаленка.

галёкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да галёкаць.

галёначны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да галёнкі. Галёначная косць.

галёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Частка нагі ад калена да ступні. Балелі ногі ў галёнках, хацелася піць, і ціха ныла спіна. Пташнікаў.

галёнкаступнёвы, ‑ая, ‑ае.

Які злучае галёнку і ступню (пра сустаў).