галёрка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
Разм. Тое, што і галерэя (у 2 знач.). Настрой гледачоў прыўзняты. Асабліва шумна на галёрцы, дзе моладзь — студэнты. Брыль.
галізна́, ‑ы, ж.
Выгляд, стан аголенага цела. Прыкрыць галізну. // Адсутнасць покрыва на чым‑н.; аголенасць. Галізна скал. Галізна асенняга лесу.
га́лій, ‑ю, м.
Хімічны элемент, рэдкі метал серабрыста-белага колеру.
[Ад геагр. назвы.]
галі́на, ‑ы, ж.
1. Бакавы адростак на ствале дрэва; сук з веццем. Тонкаю галінай Трэцца дуб аб дуб. Бядуля. Свае галіны Чаромха млосна зварухне, І раскалыша звон пчаліны. Гаўрусёў.
2. Адгалінаванне ад чаго‑н. галоўнага, асноўнага. Што датычыць Мінскага ўзвышша, то яно ў паўночна-ўсходнім напрамку паніжаецца, расшчапляючыся на дзве галіны. Прырода Беларусі.
галіна́, ‑ы́, ж.
Асобная вобласць навукі, вытворчасці і пад.; пэўная сфера заняткаў, дзейнасці. Працаваць у галіне фізікі. Новыя галіны прамысловасці. □ Старшыня.. калгаса Сямён Антонавіч Крыжачэнка паказваў гасцям жывёлагадоўчыя фермы, грамадскае будаўніцтва, знаёміў з усімі галінамі вялікай.. гаспадаркі. Пянкрат.
галінава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. галінавацца.
галінава́цца, ‑нуецца; незак.
Разгаліноўвацца, абрастаць галінамі.
галіна́сты, ‑ая, ‑ае.
З вялікімі галінамі; разложысты, разгалісты. Галінасты дуб.
галіне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. галініцца.
галі́ністы, ‑ая, ‑ае.
З вялікай колькасцю галін. Галіністы парастак. Галіністая пшаніца. // Які мае выгляд галін. Галіністыя рогі аленя.