гало́та, ‑ы, ДМ ‑лоце, ж.
Разм.
1. зб. Беднякі, бедната. Сярод настаўніцкай галоты самым багатым быў Нічыпар Янкавец. Колас.
2. Беднасць, галеча. [Тамаш:] Пражыў век — дабра не бачыў .. Бо галота страшная, бядота несусветная. Часам і кавалка хлеба ў хаце не было. Чорны.
галоў...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню: а) слову «галоўны», напрыклад: галоўурач; б) словам «галоўнае ўпраўленне», напрыклад: галоўкінапракат, галоўліт.
гало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.
1. Памянш.-ласк. да галава (у 1, 6 знач.). Дзіцячая галоўка. Галоўка сыру.
2. Шарападобны плод, шарападобнае або прадаўгаватае суквецце некаторых раслін. Галоўка маку. Галоўка дзьмухаўца. □ Красаваліся буйныя малінавыя галоўкі канюшыны. Мележ. // Пра клубень цыбулі, качан капусты. Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста: З вядро галоўкі вырастаюць. Колас. // звычайна мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Плады, каробачкі лёну. Лянок, паслушны лёгкаму ветру з усходу, кланяецца сваёй гаспадыні, пашумліваючы спелымі галоўкамі. Кулакоўскі.
3. Патоўшчаная канцавая частка чаго‑н. Галоўка бедранай косці. Галоўка запалкі. Галоўка цвіка.
4. толькі мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Пярэдняя частка саней. Пакласці сена ў галоўкі. □ Бацька хутка ўлажыў дровы — крыху вышэй за галоўкі — перавязаў вяроўкаю за развалкі. Мыслівец.
5. толькі мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Пярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і верхнюю частку ступні. Паставіць у ботах новыя галоўкі. □ Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі з траскучай карабацістай скуры. Навуменка.
•••
Баявая галоўка — тое, што і боегалоўка.
Гладзіць па галоўцы каго гл. гладзіць.
галоўкаве́рх, ‑а, м.
Вярхоўны галоўнакамандуючы.
галоўнакама́ндуючы, ‑ага, м.
Асоба, якая ўзначальвае ўзброеныя сілы дзяржавы, асобныя віды або частку ўзброеных сіл на пэўным напрамку ваенных дзеянняў.
•••
Вярхоўны галоўнакамандуючы — начальнік усіх узброеных сіл дзяржавы ў час вайны.
гало́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Самы важны, асноўны, найбольш істотны. Галоўны герой твора. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Брыль. Бумажкоў, галоўны арганізатар атрада, быў і яго камандзірам. Чорны. // у знач. наз. гало́ўнае, ‑ага, н. Янка Купала перадаў галоўнае — сатырычна-маралістычны пафас байкі. Палітыка. // у знач. пабочн. Самае асноўнае, істотна важнае. Многа думаў.. Сцёпка, і надумаўся ён за навуку сур’ёзна ўзяцца. Але як? Часу няма і, самае галоўнае, — няма кніжак. Колас. // Цэнтральны, самы значны, самы вялікі (пра вуліцу, магістраль і пад.). Галоўная вуліца. □ Уздыхнуў паравоз парай і без гудкоў, без свісткоў выбраўся на галоўны пуць. Лынькоў.
2. Які ўзначальвае каго‑, што‑н., старшы па службе. Галоўны інжынер. Галоўны канструктар. Галоўны урач.
•••
Галоўная кватэра гл. кватэра.
Галоўная кніга гл. кніга.
Галоўны сказ гл. сказ.
Галоўны член сказа гл. член.
Галоўным чынам гл. чын.
гало́ўчаты, ‑ая, ‑ае.
Які мае галоўку, з галоўкай (у 2 знач.). Галоўчаты лён.
гало́ш і (уст.) галёш, ‑а, м.
Гумавы абутак, які адзяваецца паверх другога абутку для засцярогі ад гразі, вады. [Пятрусь] нагой аб нагу скінуў з валёнкаў галошы, і, адзін па адным, яны мякка ляпнулі аб падлогу. Брыль.
•••
Пасадзіць у галош гл. пасадзіць.
Сесці ў галош гл. сесці.