галада́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. галадаць; недаяданне з-за недахопу ежы, з мэтай лячэння і інш. Аб цяжкіх начлегах напевы Каціліся з краю да краю; Былі неўраджайны засевы, Было галаданне ў звычаі. Купала.
галада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Адчуваць недахоп у ежы на працягу доўгага часу; пастаянна недаядаць. — І праўда, Васіль, — падтрымала маці. — Вунь і Бяляўскія запісаліся, і Мішчанкі, амаль усе ўжо ў калгасе. Не галадаюць цяпер, не ходзяць на паклон да розных Грыбоўскіх. Курто.
2. Устрымлівацца ад яды па пэўных прычынах, з пэўнай мэтай. Галадаць у знак пратэсту.
галада́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад галадаць.
2. у знач. наз. галада́ючы, ‑ага, м.; галада́ючая, ‑ай, ж. Той (тая), хто галадае. Спектакль ставіўся ў фонд дапамогі галадаючым. Вітка.
3. Дзеепрысл. незак. ад галадаць.
галаднава́та,
1. Прысл. да галаднаваты.
2. безас. у знач. вык., каму. Пра не вельмі моцнае адчуванне голаду, хаценне есці. У вайну было галаднавата многім.
галаднава́ты, ‑ая, ‑ае.
Не зусім сыты, напаўгалодны. Галаднаватыя і напаўраздзетыя камсамольцы будавалі Магнітку, ставілі горад юнацтва на беразе Амура. Сабаленка.
галадо́к, ‑дку, м.
Род адна- і шматгадовых травяністых раслін сямейства гваздзіковых (расце на сухіх лугах, у барах і як пустазелле на палях).
галадо́ўка, ‑і, ДМ ‑доўцы; Р мн. ‑довак; ж.
1. Разм. Тое, што і галаданне. // Галодны час. Шчупак пасля доўгай зімовай галадоўкі робіцца асабліва пражэрлівым. Шашкоў.
2. Адмаўленне ад яды ў знак пратэсту. Аб’явіць галадоўку.
галадо́ўля, ‑і, ж.
Разм. Галаданне, голад (у 2 знач.).
галадра́нец, ‑нца, м.
Разм. пагард. Бядняк, абадранец. Хто ж Рыгор з сябе? Лапатнік, балагол, галадранец. Гартны. Паўліна Сямёнаўна таксама ціха адказала. — Галадранцы, ды яшчэ, можа, астрожнікамі будуць! Колас.
галадра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да галадранец.