гала́нтнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць галантнага; ветлівасць, ласкавасць, далікатнасць. Галантнасць у абыходжанні з гасцямі.
гала́нтны, ‑ая, ‑ае.
Ветлівы, ласкавы, далікатны. Хлопцы адкінулі ў адносінах да Маі ранейшае панібрацтва і стараліся быць галантнымі. Карпюк. [Афіцэр] прыціснуў левую руку да грудзей, схіліў галаву ў галантным паклоне. Васілёнак.
галапу́зы, ‑ая, ‑ае.
Разм. З голым жыватом (звычайна пра дзяцей). — Прэч! Наз-зад, галапузыя чэрці! — зашыпеў на [хлапчукоў] спраўнік і пагразіў шабляй. Хомчанка.
галару́ч, прысл.
Разм. Без рукавіц, з голымі рукамі. Не ідзі на мароз галаруч.
га́лас, ‑у, м.
Разм. Бязладны шматгалосы крык, шумная нястройная размова. Гурт дзяцей, што таўпіліся перад варотамі будынка, падняў зычны галас. Гартны.
галасава́нне, ‑я, н.
Падача галасоў у час выбараў або пры калектыўным вырашэнні якога‑н. пытання; выбары або вырашэнне якога‑н. пытання шляхам падачы галасоў. У велізарным.. памяшканні гарадскога тэатра, дэлегаты сядзелі ў радах на крэслах і чакалі галасавання рэзалюцый. Галавач.
•••
Адкрытае галасаванне — галасаванне шляхам падняцця рук.
Закрытае (тайнае) галасаванне — галасаванне падачай непадпісаных бюлетэняў або каляровых шароў.
галасава́цца, ‑суецца; незак.
Зал. да галасаваць (у 2 знач.).
галасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.
1. Удзельнічаць у галасаванні; падаваць голас за каго‑, што‑н. (у час выбараў, пры вырашэнні якога‑н. пытання). Галасаваць за праект пастановы.
2. каго-што. Ставіць на галасаванне; выбіраць, рашаць шляхам галасавання. Галасаваць рэзалюцыю. Галасаваць кожнага кандыдата асобна.
3. Разм. Спыняць машыну ўзняццем рукі. Галасаваць на дарозе.
галасавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да голасу (у 1 знач.), выконваецца голасам. Галасавы апарат.
•••
Галасавыя звязкі гл. звязка.
Галасавая шчыліна гл. шчыліна.
галасі́на, ‑ы, м.
Разм. Пра моцны або грубы голас.