Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

галавало́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Складаная задача, загадка, рашэнне якой патрабуе кемлівасці, здагадлівасці. // перан. Пра што‑н. заблытанае, незразумелае. [Струшня] прыслаў не паведамленне, а галаваломку, ні слова аб падрабязнасцях. М. Ткачоў. Нярэдка побач з добрым празрыстым вершам даводзіцца чытаць і вершаваную галаваломку. Русецкі.

галавало́мны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі складаны, цяжкі для разумення. Галаваломная задача.

галавано́гі, ‑ая, ‑ае.

З выразна акрэсленай галавой і шчупальцамі вакол рота (пра высокаарганізаваных марскіх малюскаў).

галаварэ́з, ‑а, м.

Разм.

1. Забойца, бандыт. Фашысцкія галаварэзы.

2. Ліхач, сарвігалава. Пагладжваючы свае пышныя вусы, Васіль Каравай дабрадушна адказваў: «...Паглядзела, што мой характар — крэмень, ну і адважылася пайсці за такога галаварэза. Праўда, Верачка?» Паслядовіч.

галава́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З вялікай галавой. На кручку трапятаўся вялікі галавасты бычок. Бяганская.

2. Разумны, здольны глыбока мысліць. Арцём Дзянісавіч, сакратар, галавасты быў мужык. Ракітны.

галаваця́п, ‑а. м.

Разм. Чалавек, які нядбайна і бесталкова вядзе справу.

галаваця́пскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Уласцівы галавацяпу; нядбайны, бесталковы. Галавацяпскія адносіны да працы.

галаваця́пства, ‑а, н.

Разм. Нядбайнасць і бесталковасць у вядзенні якой‑н. справы; паводзіны галавацяпа. Змагацца з галавацяпствам.

галаве́нь, ‑лаўня, м.

Прэснаводная рыба сямейства карпавых з тоўстай і шырокай галавой. З цёмнага прадоння яміны падплываюць часам на водмель галаўні, — таўстаспінныя, тупарылыя, з чырвонымі, як жар, пёркамі. Крапіва. Тоўстыя галаўні паважна праплывалі, ледзь варочаючы шырокімі хрыбтамі. Броўка.

галаве́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Абгарэлы або тлеючы кусок дрэва. Агонь патух, толькі галавешкі яшчэ тлеліся, засыпаныя белым, мяккім попелам. Мурашка. Дзед падышоў да агню, паклаў галавешкі і перагарэлыя канцы пален у жар. Колас.