Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

...гадовы, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: роўны столькім гадам, колькі паказана ў першай частцы, напрыклад: аднагадовы, пяцігадовы, шматгадовы.

гадо́к, ‑дка, м.

Памянш.-ласк. да год (у 1 знач.).

гадо́ўля, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гадаваць.

гадуне́ц, ‑нца; м.

Разм. Тое, што і гадаванец. На заработкі [Сымоніха] рэдка ходзіць: часу няма, трэба гадунца даглядаць. Бядуля.

гае́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гаіць і стан паводле знач. дзеясл. гаіцца.

га́ечка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да гайка; невялікая гайка.

га́ечны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гайкі, прызначаны для яе. Гаечная разьба. Гаечны ключ.

гаёк, гайка, м.

Памянш.-ласк. да гай; невялікі гай. Дрэвы і гайкі на далёкіх узгорках вабяць да сябе ў цянёк. Бядуля.

газ 1, ‑у, м.

1. Фізічнае цела, асобныя часціны якога, слаба звязаныя паміж сабой, рухаюцца свабодна і раўнамерна запаўняюць усю прастору, у якой знаходзяцца. Прыродны газ. Атмасферныя газы. // Агульная назва гаручых газападобных ці парападобных рэчываў, якія скарыстоўваюцца для ацяплення, асвятлення і пад. Газ — цудоўнае паліва. Ён з поспехам можа замяніць вугаль, дровы, нафту. «Беларусь». // Пра награвальныя і інш. прылады, якія скарыстоўваюць для свайго дзеяння такія рэчывы. Кватэра з газам.

2. толькі мн. (га́зы, ‑аў). Газападобныя страўнікавыя выдзяленні.

3. звычайна мн. (га́зы, ‑аў). Баявыя атрутныя газападобныя рэчывы. Вярнуўся Сцяпан з вайны, здаецца б, радасці колькі! Але вярнуўся чалавек хворым. Атруцілі яго газамі. Лынькоў.

•••

Балотны газ — бясколерны гаручы газ, які ўтвараецца ад гніення раслінных рэшткаў.

Вуглякіслы газ — бясколерны газ, які ўтвараецца пры поўным згаранні вугляроду.

Генератарны газ — газападобнае паліва, якое атрымліваецца з каменнага вугалю, торфу, коксу, дрэва ў спецыяльных печах — газагенератарах.

Грымучы газ — выбуховая сумесь вадароду з кіслародам.

Інертныя газы — газы, якія амаль не ўступаюць у хімічныя рэакцыі з іншымі элементамі.

Коксавы газ — гаручы газ, які атрымліваецца пры каксаванні каменнага вугалю.

Чадны газ — бясколерны ядавіты газ, прадукт няпоўнага акіслення вугляроду; вокіс вугляроду.

Даць газу гл. даць.

Збавіць газ гл. збавіць ​1.

На поўным газе — на самай вялікай скорасці.

[Фр. gaz.]

газ 2, ‑у, м.

Лёгкая шаўковая празрыстая тканіна.

[Фр. gaze.]

га́за, ‑ы, ж.

Гаручая вадкасць, якая атрымліваецца пры перапрацоўцы нафты. Валіць у лямпу газы. Пах газы. □ Газа была не чыстая, святла давала мала, капцела многа. Новікаў.