Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

гадаўё, ‑я, н., зб.

1. Гадзюкі, гады (у 1 знач.). Балоты кішэлі гадаўём.

2. Разм. лаянк. Пра людзей, дзеянні і ўчынкі якіх выклікаюць агіду, асуджэнне. Знішчыць фашысцкае гадаўё.

га́даўка, ‑і, ДМ ‑даўцы; Р мн. ‑давак; ж.

Разм. лаянк. Пра жанчыну, учынкі якой выклікаюць агіду, асуджэнне. [Лабыш:] О, пакуль мы думалі, гадалі, дык гэта гадаўка жывым багажом абзавесціся ўспела. Козел.

гада́цца, ‑аецца; незак.

Думацца, праяўляцца ў форме меркаванняў, здагадак. Такая сустрэча не гадалася.

гада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Варажыць: прадказваць што‑н. па якіх‑н. прыметах. Па зімах гадаюць пра лета. □ На рамонках [Аксана] гадала: Ці кахае, ці не? Бачыла.

2. Выказваць здагадкі, меркаваць. Не сніў, не думаў, не гадаў, што так са мною стане. Пушча. Спыніўшыся на лузе, хлапчукі Услых гадаюць: — Хто ідзе такі? Гаўрусёў.

га́дзіна, ‑ы, ж.

1. Тое, што і гадзюка (у 1 знач.). Гадзіна раз са скуры лезе, а здраднік кожны дзень. З нар.

2. Разм. лаянк. Тое, што і гадзюка (у 2 знач.). — Гэта ён! — пачуўся голас зверху. — Гамрэкелі, сабака! Папаўся, злодзей, шакал, гадзіна! Самуйлёнак.

гадзі́на, ‑ы, ж.

1. Адзінка вымярэння часу, якая раўняецца 1/24 сутак і складаецца з 60 мінут або 3600 секунд. Бачыў я нястомную і нялёгкую працу, якой напоўнены ўсе дваццаць чатыры гадзіны.. дня [пагранічнікаў]. Брыль.

2. Адзінка часу ў 60 мінут, якую адлічваюць ад поўдня ці ад сярэдзіны ночы. Гадзіна ночы. □ У райком Даніла прыйшоў прыблізна а палове другой гадзіны дня. Кавалёў. // Сігнал, якім перадаецца гэта мера часу. Куранты прабілі дванаццаць гадзін.

3. Прамежак часу, які адводзіцца на ўрок, лекцыю і займае з перапынкам 60 мінут. Гадзіны паўтарэння вучэбнага матэрыялу. // толькі мн. (га́дзіны, ‑дзін). Педагагічныя заняткі, лекцыі (пра нагрузку выкладчыкаў). Мець гадзіны ў інстытуце. Вычытаць гадзіны.

4. з азначэннем. Пэўны момант у жыцці чалавека; пара, час. Вольная гадзіна. У гадзіны заняткаў. □ Гуляй дзяціна: твая гадзіна! З нар. // толькі адз.; каго-чаго або чыя. Кніжн. Вызначаны, устаноўлены тэрмін. Прабіла гадзіна помсты. Адважна ідзіце ў бой. Танк.

•••

Гадзіны пік — час найвышэйшага напружання ў рабоце транспарту, электрастанцыі і пад.

Каменданцкая гадзіна — забарона без спецыяльнага дазволу з’яўляцца на вуліцы паселенага пункта ў пэўны час пры аб’яўленні ваеннага або асаднага становішча.

Мёртвая гадзіна — адпачынак пасля абеду ў лячэбных, дзіцячых установах і інш.

Апошняя (смяротная) гадзіна — смерць.

Гадзіна ў гадзіну — дакладна, у вызначаны тэрмін.

З гадзіны на гадзіну — вось-вось, у кожны момант.

Не па днях, а па гадзінах — вельмі хутка (расці, развівацца і пад.).

Цэлая (бітая) гадзіна — доўгі час, больш гадзіны.

Чорная (ліхая) гадзіна — цяжкі час.

Шэрая (шарая) гадзіна — змрок вечарам пасля захаду сонца.

гадзі́намі, прысл.

Доўгі час, на працягу некалькіх гадзін запар. Гадзінамі праседжваць над кнігай.

гадзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да гадзіна (у 1 знач.); тое, што і гадзіна (у 1, 4 знач.). — Ты ляж і гадзінку паспі, а мы паходзім, падумаем, — ласкава сказаў Лясніцкі. Шамякін.

гадзі́ннік, ‑а, м.

Прылада, пры дапамозе якой вызначаецца час у межах сутак. Насценны гадзіннік. Выраб гадзіннікаў.

•••

Вадзяны гадзіннік — гадзіннік у выглядзе мернага сасуда, з якога за нейкі час выцякае пэўны аб’ём вады.

Пясочны гадзіннік — гадзіннік у выглядзе дзвюх мерных шклянак, злучаных тонкай гарлавінай, праз якую перасыпаецца пясок на працягу пэўнага часу (скарыстоўваецца ў медыцыне пры вызначэнні невялікіх адзінак часу).

Сонечны гадзіннік — гадзіннік, які складаецца з цыферблата і вертыкальнага стрыжня, што кідае на цыферблат цень, паказваючы час.

гадзі́ннікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гадзінніка. Гадзіннікавы механізм. Гадзіннікавая стрэлка. // Звязаны з вытворчасцю і продажам гадзіннікаў. Гадзіннікавы завод.

гадзі́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які працягваецца гадзіну (у 1 знач.). Гадзінная лекцыя. // Атрыманы за гадзіну, разлічаны на кожную гадзіну. Гадзінная прадукцыя. Гадзінная норма.

2. Разм. Назначаны на гадзіну дня або гадзіну ночы. Адправіцца гадзінным рэйсам.

•••

Гадзінны пояс гл. пояс.