Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

га́за, ‑ы, ж.

Гаручая вадкасць, якая атрымліваецца пры перапрацоўцы нафты. Валіць у лямпу газы. Пах газы. □ Газа была не чыстая, святла давала мала, капцела многа. Новікаў.

газа...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам газ ​1, газавы ​1, напрыклад: газаабмен, газаасвятленне, газаачышчальнік.

газаабме́н, ‑у, м.

Працэс паглынання аднаго газу і выдзялення другога, які адбываецца ў жывых арганізмах. Газаабмен у органах дыхання.

газаадво́дны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для адвядзення газу. Газаадводная трубка.

газаачы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Выдзяленне прымесей (цвёрдых, вадкіх, газападобных) з прамысловых газаў.

газаачышча́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для ачысткі газу ад прымесей. Газаачышчальныя ўстаноўкі.

газабало́н, ‑а, м.

Балон, у якім захоўваецца гаручы газ.

газава́т, ‑у, М ‑ваце, м.

Завешчаная каранам «свяшчэнная вайна», якую павінны весці мусульмане супраць народаў іншай веры з мэтай пашырэння рэлігіі ісламу.

[Араб. gazāvat.]

газава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак.

Разм. Уключаць матор аўтамашыны, самалёта. // Ехаць, ляцець на вялікай скорасці. Шафёр, малады хлапчына, відаць, прытрымліваючыся прынцыпу: няма чаго шкадаваць, — газаваў на ўсю сілу. Ракітны.

газаві́к, ‑а, м.

Разм.

1. Работнік газавай прамысловасці.

2. Работнік па газіфікацыі і абслугоўванню газавых установак.