Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

газагенера́тар, ‑а, м.

Апарат для атрымання газу з цвёрдага або вадкага паліва; печ асобай будовы для вырабу генератарнага газу. Ператварэнне арганічнай часткі торфу ў газ ажыццяўляецца ў асобых апаратах — газагенератарах. «Беларусь».

газагенера́тарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да газагенератара. Газагенератарная ўстаноўка.

газазабеспячэ́нне, ‑я, н.

Арганізаваная падача і размеркаванне газавага паліва для патрэб народнай гаспадаркі.

газазва́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да газазваркі, прызначаны для яе. Газазварачныя работы. Газазварачная майстэрня.

газазва́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Спосаб зваркі металаў плаўленнем пры дапамозе полымя газавай сумесі, якая выцякае са зварачнай гарэлкі.

газазва́ршчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца газазваркай.

газалі́н, ‑у, м.

Вадкі прадукт перагонкі нафты, які скарыстоўваецца ў якасці паліва для рухавікоў ўнутранага згарання; недаачышчаны бензін.

газалі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да газаліну, звязаны з яго вытворчасцю і выкарыстаннем. Газалінавы пах. Газалінавы цэх. // Які працуе на газаліне. Газалінавы рухавік.

газаме́р, ‑а, м.

Прыбор для вымярэння колькасці і расходу газу, які праходзіць цераз газаправодную трубу.

газаме́тр, ‑а, м.

Прыбор для збірання, захоўвання і вымярэння аб’ёму газу ​1 (у 1 знач.).