газе́ль 1, ‑і, ж.
Запазычаны з усходняй паэзіі тып вершаскладання, у якім рыфма першых двух радкоў паўтараецца ў кожным цотным радку, а няцотныя застаюцца без рыфмы.
[Араб. gazāl.]
газе́ль 2, ‑і, ж.
Невялікая стройная жывёліна падсямейства сапраўдных антылоп з рагамі лірападобнай формы.
[Фр. gazelle з араб.]
газе́та, ‑ы, ДМ ‑зеце, ж.
Перыядычнае, звычайна штодзённае, друкаванае выданне інфармацыйнага характару, а таксама экземпляр гэтага выдання ў форме двух ці некалькіх вялікіх лістоў. Працаваць у газеце. Купіць газету. □ Газета — не толькі калектыўны прапагандыст і калектыўны агітатар, але таксама і калектыўны арганізатар. Ленін.
•••
Насценная газета — напісаная ад рукі або на машынцы і вывешаная на сцяне газета, орган якой‑н. арганізацыі або ўстановы.
[Іт. gazzetta.]
газе́тніца, ‑ы, ж.
Папка для захоўвання газет.
газе́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да газеты, звязаны з ёй. Газетная вестка. Газетны работнік. // Уласцівы газеце. Газетная мова. Газетны стыль.
газе́тчык, ‑а, м.
1. Прадавец газет. Чуўся.. гучны голас газетчыка, які выкрыкваў навіны дня. Лынькоў.
2. Разм. Супрацоўнік газеты; журналіст. Славу, асабліва калі яе .. разнясуць па газетных палосах газетчыкі і журналісты, людзі «пераносяць» па-рознаму. Васілевіч.
газе́ціна, ‑ы, ж.
Разм. Экземпляр газеты. Як згледзець, Тараска збегаў у кіёск, вярнуўся і ўкленчыў на тратуары. Разгарнуў газеціну, склаў папалам. Юрэвіч. // Газетны ліст, папера выкарыстанай газеты. З-пад газеціны [у Гарышнага] пад правай пахай выглядалі дзве буханкі чорнага хлеба. Ракітны.
га́зік, ‑а, м.
Разм. Памянш.-ласк. да назвы аўтамабіля маркі ГАЗ.
газірава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. газіраваць.
газірава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад газіраваць.
2. у знач. прым. Насычаны газам 1 (у 1 знач.). Газіраваная вада.