га́дзіна, ‑ы, ж.
1. Тое, што і гадзюка (у 1 знач.). Гадзіна раз са скуры лезе, а здраднік кожны дзень. З нар.
2. Разм. лаянк. Тое, што і гадзюка (у 2 знач.). — Гэта ён! — пачуўся голас зверху. — Гамрэкелі, сабака! Папаўся, злодзей, шакал, гадзіна! Самуйлёнак.
гадзі́на, ‑ы, ж.
1. Адзінка вымярэння часу, якая раўняецца 1/24 сутак і складаецца з 60 мінут або 3600 секунд. Бачыў я нястомную і нялёгкую працу, якой напоўнены ўсе дваццаць чатыры гадзіны.. дня [пагранічнікаў]. Брыль.
2. Адзінка часу ў 60 мінут, якую адлічваюць ад поўдня ці ад сярэдзіны ночы. Гадзіна ночы. ▪ У райком Даніла прыйшоў прыблізна а палове другой гадзіны дня. Кавалёў. // Сігнал, якім перадаецца гэта мера часу. Куранты прабілі дванаццаць гадзін.
3. Прамежак часу, які адводзіцца на ўрок, лекцыю і займае з перапынкам 60 мінут. Гадзіны паўтарэння вучэбнага матэрыялу. // толькі мн. (гадзіны, ‑дзін). Педагагічныя заняткі, лекцыі (пра нагрузку выкладчыкаў). Мець гадзіны ў інстытуце. Вычытаць гадзіны.
4. з азначэннем. Пэўны момант у жыцці чалавека; пара, час. Вольная гадзіна. У гадзіны заняткаў. ▪ Гуляй дзяціна: твая гадзіна! З нар. // толькі адз.; каго-чаго або чыя. Кніжн. Вызначаны, устаноўлены тэрмін. Прабіла гадзіна помсты. Адважна ідзіце ў бой. Танк.
•••
Гадзіны пік — час найвышэйшага напружання ў рабоце транспарту, электрастанцыі і пад.
Каменданцкая гадзіна — забарона без спецыяльнага дазволу з’яўляцца на вуліцы паселенага пункта ў пэўны час пры аб’яўленні ваеннага або асаднага становішча.
Мёртвая гадзіна — адпачынак пасля абеду ў лячэбных, дзіцячых установах і інш.
Апошняя (смяротная) гадзіна — смерць.
Гадзіна ў гадзіну — дакладна, у вызначаны тэрмін.
З гадзіны на гадзіну — вось-вось, у кожны момант.
Не па днях, а па гадзінах — вельмі хутка (расці, развівацца і пад.).
Цэлая (бітая) гадзіна — доўгі час, больш гадзіны.
Чорная (ліхая) гадзіна — цяжкі час.
Шэрая (шарая) гадзіна — змрок вечарам пасля захаду сонца.