газ 1, ‑у, м.

1. Фізічнае цела, асобныя часціны якога, слаба звязаныя паміж сабой, рухаюцца свабодна і раўнамерна запаўняюць усю прастору, у якой знаходзяцца. Прыродны газ. Атмасферныя газы. // Агульная назва гаручых газападобных ці парападобных рэчываў, якія скарыстоўваюцца для ацяплення, асвятлення і пад. Газ — цудоўнае паліва. Ён з поспехам можа замяніць вугаль, дровы, нафту. «Беларусь». // Пра награвальныя і інш. прылады, якія скарыстоўваюць для свайго дзеяння такія рэчывы. Кватэра з газам.

2. толькі мн. (газы, ‑аў). Газападобныя страўнікавыя выдзяленні.

3. звычайна мн. (газы, ‑аў). Баявыя атрутныя газападобныя рэчывы. Вярнуўся Сцяпан з вайны, здаецца б, радасці колькі! Але вярнуўся чалавек хворым. Атруцілі яго газамі. Лынькоў.

•••

Балотны газ — бясколерны гаручы газ, які ўтвараецца ад гніення раслінных рэшткаў.

Вуглякіслы газ — бясколерны газ, які ўтвараецца пры поўным згаранні вугляроду.

Генератарны газ — газападобнае паліва, якое атрымліваецца з каменнага вугалю, торфу, коксу, дрэва ў спецыяльных печах — газагенератарах.

Грымучы газ — выбуховая сумесь вадароду з кіслародам.

Інертныя газы — газы, якія амаль не ўступаюць у хімічныя рэакцыі з іншымі элементамі.

Коксавы газ — гаручы газ, які атрымліваецца пры каксаванні каменнага вугалю.

Чадны газ — бясколерны ядавіты газ, прадукт няпоўнага акіслення вугляроду; вокіс вугляроду.

Даць газу гл. даць.

Збавіць газ гл. збавіць 1.

На поўным газе — на самай вялікай скорасці.

[Фр. gaz.]

газ 2, ‑у, м.

Лёгкая шаўковая празрыстая тканіна.

[Фр. gaze.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)