го́ршаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Рабіцца горшым, пагаршацца. Самаадчуванне [Андрэя] з кожнай гадзінай горшала.., усё цяжэй станавілася дыхаць. Кулакоўскі.
го́ршы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. да прым. дрэнны.
го́рыч, ‑ы, ж.
1. Горкі пах, горкі смак. Горыч дыму. □ Дзіцячай усмешкай застыну, Калі прыгадаецца ранак, Забытая горыч палыну, Драўляны даверлівы ганак. Вярба.
2. перан. Цяжкае, горкае пачуццё, выкліканае горам, няўдачай, крыўдай і пад. Горыч паражэння. Горыч разлукі. □ Боль і горыч ад незаслужанай крыўды ахапілі сэрца старога, і ён, стоячы на скрыжаванні дарог, у думках звяртаецца да сына. Хромчанка.
го́сцейка, ‑і, ДМ ‑цейцы; Р мн. ‑цеек; ж.
Ласк. да госця.
го́сцеў, ‑ева.
Які належыць госцю. І машыны госцевы свой сунімаюць рух. Чарнушэвіч.
госць, ‑я, Р мн. гасцей; м.
1. Чалавек, запрошаны сваімі блізкімі ці знаёмымі на якую‑н. урачыстасць, частаванне. Званы госць. Сустракаць гасцей. □ З прычыны завяршэння будаўніцтва дома гаспадар наладзіў урачысты баль, склікаў шмат гасцей. Лынькоў.
2. Чалавек, які наведаў каго‑н. выпадкам або з пэўнай мэтай. Нечаканы госць. □ — Вось дык хлопец! Скуль ты гэткі? Ну, зайдзі ж да нас у хату, будзеш нашым госцем, дзетка, Ты — не дрэнны памагаты. Дубоўка. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Як толькі ў хату ступіць госць — Адразу смажыцца яечня. Сіпакоў. // (у спалучэнні са словамі «рэдкі», «часты»). Пра таго (тое), што паяўляецца дзе‑н. на які‑н. час. Доўгі час літаратурныя мемуары былі рэдкім госцем на старонках нашага друку. Казека. Начальнік павятовай дэфензівы стаў частым госцем у Караліне. Пальчэўскі.
3. Асоба, афіцыйна запрошаная на якое‑н. пасяджэнне, канферэнцыю, урачыстасць. Прыехала на свята шмат дарагіх гасцей з розных гарадоў Вялікага Саюза — настаўнікі, прафесары, рабочыя, лётчыкі. Бядуля.
4. Гіст. Іншаземны купец. Заморскі госць.
•••
Быць у гасцях — прабываць дзе‑н. на правах госця.
Ісці (ехаць і пад.) у госці — адпраўляцца куды‑н. у якасці госця.
го́сця, ‑і; Р мн. ‑яў; ж.
Жан. да госць (у 1, 3 знач.).
го́ты, ‑аў; адз. гот, ‑а, М гоце, м.
Старажытнае племя ўсходніх германцаў.
го́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Архітэктурны стыль позняга еўрапейскага сярэдневякоўя, які характарызуецца лёгкасцю высокіх стральчатых збудаванняў, багаццем рознакаляровага шкла і скульптурных арнаментаў.
[Ням. Gotik.]
го́цацца і го́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. З шумам скакаць, падскокваць на чым‑н. Падводчыкі хадзілі па рэчцы, правяралі лёд, гоцкаліся на ім. Капыловіч.