госць, ‑я, Р мн. гасцей; м.

1. Чалавек, запрошаны сваімі блізкімі ці знаёмымі на якую‑н. урачыстасць, частаванне. Званы госць. Сустракаць гасцей. □ З прычыны завяршэння будаўніцтва дома гаспадар наладзіў урачысты баль, склікаў шмат гасцей. Лынькоў.

2. Чалавек, які наведаў каго‑н. выпадкам або з пэўнай мэтай. Нечаканы госць. □ — Вось дык хлопец! Скуль ты гэткі? Ну, зайдзі ж да нас у хату, будзеш нашым госцем, дзетка, Ты — не дрэнны памагаты. Дубоўка. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Як толькі ў хату ступіць госць — Адразу смажыцца яечня. Сіпакоў. // (у спалучэнні са словамі «рэдкі», «часты»). Пра таго (тое), што паяўляецца дзе‑н. на які‑н. час. Доўгі час літаратурныя мемуары былі рэдкім госцем на старонках нашага друку. Казека. Начальнік павятовай дэфензівы стаў частым госцем у Караліне. Пальчэўскі.

3. Асоба, афіцыйна запрошаная на якое‑н. пасяджэнне, канферэнцыю, урачыстасць. Прыехала на свята шмат дарагіх гасцей з розных гарадоў Вялікага Саюза — настаўнікі, прафесары, рабочыя, лётчыкі. Бядуля.

4. Гіст. Іншаземны купец. Заморскі госць.

•••

Быць у гасцях — прабываць дзе‑н. на правах госця.

Ісці (ехаць і пад.) у госці — адпраўляцца куды‑н. у якасці госця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)