Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

набрака́ць, ‑ае.

Незак. да набракнуць.

набра́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. пр. ад набракнуць.

2. у знач. прым. Які павялічыўся ў аб’ёме ад вільгаці, вадкасці. Нарэшце зарыпелі набраклыя дзверы, і хтосьці, заварушыўшыся, усхапіўся з ложка і сеў. Пташнікаў.

3. у знач. прым. Тое, што і набухлы (у 1, 3 знач.). Я асцярожна гладжу набраклыя пупышкі і падношу іх да губ. Васілевіч.

набра́кнуць, ‑не; пр. набрак, ‑ла; зак.

1. Набрыняўшы, павялічыцца ў аб’ёме; набухнуць. Бурыя і цяжкія кірзавыя боты набраклі. Ісці было вельмі цяжка. Лукша. Другі валёнак не злазіў з нагі — набрак. Пташнікаў. Тарфянікі набраклі, нібы губка, а потым пачалі хавацца ў верхаводдзі. Новікаў.

2. Тое, што і набухнуць (у 1, 3 знач.). Ужо набраклі і покаліся ад веснавога соку пупышкі на дрэвах. Паслядовіч. Ад напружанасці і злосці ў Кузняцова набраклі на скронях вены: кроў хлынула ў галаву. Пташнікаў.

набранзава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што і чаго.

Пакрыць што‑н. слоем бронзы. Набранзаваць ручку дзвярэй. // Пакрыць слоем бронзы ў якой‑н. колькасці. Набранзаваць падсвечнікаў.

набранзо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да набранзаваць.

набра́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад набраць (у 1–5 і 8–9 знач.).

набраха́цца, ‑брашуся, ‑брэшашся, ‑брэшацца; зак.

Разм. груб. Уволю набалбатацца, многа пабалбатаць.

набраха́ць, ‑брашу, ‑брэшаш, ‑брэша; зак.

Разм. пагард. Нагаварыць многа ўсялякай лухты. А язычлівыя перасудніцы-мяшчанкі паспелі набрахаць усяго-ўсякага цэлыя каробкі. Гартны. // Сказаць няпраўду, налгаць. [Наўмыснік Чарпакевічу:] — Ты мне набрахаў тады, што Хурс мне падаруе за верную службу хутар. Чорны. // Узвесці паклёп. [Васіль:] — Мала таго, што .. [Антось] уцёк, як дэзерцір, дык яшчэ і набрахаў на завод. Кулакоўскі.

набра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; заг. набярыся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца ў нейкай колькасці. Народу на сход набралася поўная хата. Мурашка. Дачка павячэрала, паправіла фіранкі з гардзінамі на вокнах, цюлевыя накідкі на падушках, павяла далонню па шырокаму лісту фікуса, ці не набраўся за дзень пыл, і села за нейкую кніжку. Ермаловіч. // Назбірацца (аб рабоце, справах і пад.). [Бухгалтар:] — З работай цяпер я, можна сказаць, проста ганарыўся. За час адпачынку набралася безліч рахункаў. Ракітны.

2. Напоўніцца чым‑н. У хаце набралася тытунёвага дыму. Пестрак. // Разм. Наглытацца. Нехта з каманды кацера падхапіў.. [Марылю], але пазнавата, — жанчына ўжо набралася вады і пасінела ў непрытомнасці. Кулакоўскі.

3. Дасягнуць нейкай колькасці, лічбы. Вучняў набралася чалавек пятнаццаць. Маўр. Антон рабіў [залысіны] тапаром. Так набралася дзесяць дрэў. Пальчэўскі. [Васіль Ціханавіч:] — Я не магу зараз сказаць, колькі пасеяна на дзялянках, але думаю, што гектараў з трыццаць па сельсавету набярэцца. Сіўцоў. Восемдзесят пяць гадоў дзеду Паўлу. І калі набралася іх столькі — не агледзеўся дзед. Колас.

4. Насыціцца, прасякнуць чым‑н. Рунь яшчэ не паспела акрыяць, набрацца сокаў. Дамашэвіч.

5. Знайсці ў сабе ўнутраныя сілы, магчымасці, якасці. Набрацца смеласці. Набрацца рашучасці. Набрацца цярплівасці. □ Як набралася моцы Матчына дачушка, Паляцела да сонца Пералётнай птушкай. Купала. Косця не ведае, адкуль у яго набралася столькі сіл. Адамчык. // Стаць, зрабіцца якім‑н., набыць нейкія якасці; развіцца. Бярозка прыжылася, набралася сілы, вясною зазелянела і цягнулася да сонца сваімі трапяткімі галінкамі. Васілеўская.

6. Пераняць, навучыцца чаму‑н. [Рыгор] многаму навучыўся, падрос, пасталеў, набраўся вопыту. Гартны.

7. Нацярпецца, перажыць, адчуць. Набрацца гора. Набрацца сораму. □ Агата з Ліпачкай за тую зімовую марозную ноч набраліся такой бяды, якой, можа, яшчэ на сваім вяку не ведалі. Сабаленка. Не мала набраўся.. [Грыша] страху, пакуль дайшоў сюды. Пальчэўскі.

8. Разм. Набыць, атрымаць нешта (звычайна непрыемнае). Набрацца блох. □ Нехта хадзіў тут, хто не ведаў [хадоў] і сцежак, убіўся ў мурашнік, набраўся іголак з мурашкамі. Чорны. // Тое ж аб хваробах. [Маці:] — У [памяшканні] трымаюць хворых цялят, каб іншыя ад іх не маглі набрацца хваробы. Даніленка.

9. Разм. (часта з адмоўем). Запасціся, назапасіць, дастаць у патрэбнай колькасці. [Загадчык склада:] — Набярэшся тут на вас на ўсіх фарбы, калі на паравозы ды на вагоны не хапае... Лынькоў. [Антось:] «А дзяўчат навырастае! Божа літасцівы, дзе гэта будзе музык набрацца! Кожнай жа прыйдзецца некалі вяселле іграць». Чорны.

10. Разм. Напіцца гарэлкі, віна. [Агрыпіна:] — Выбач[ай], Васіль Пятровіч — гарэлкі ўжо няма, выпілі. Трэба было раней. Ды ты ўжо недзе набраўся. Пестрак.

•••

Набрацца духу — асмеліцца на што‑н.

Набрацца розуму — стаць разумным, паразумнець.

набра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; заг. набяры; зак.

1. што і чаго. Паступова беручы, узяць нейкую колькасць чаго‑н. Набраць бярэмя дроў. □ Раніцою Галіна з мужам пайшла ў ток. Трэба было ссыпаць у мяшкі звеяны ўчора авёс і набраць авечкам мурагу. Галавач. // Назбіраць нейкую колькасць чаго‑н. Набраць у лесе ягад. □ Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку выдатных баравікоў-бярозавікаў. Колас.

2. каго-што і чаго. Узяць, захапіць з сабою. Набраць у машыну пасажыраў. □ [Грэчка] зойдзе да жонкі, набярэ хлеба, сала і перасядзіць навалу. Мележ. // Зачарпнуць, напоўніць чым‑н. Набраць вядро бензіну. □ Часавы раздзеўся, набраў у кварту вады і стаў умывацца. Чорны. Мікодым, зірнуўшы на дзіця, спалохаўся, хуценька набраў на рыдлёўку зямлі і засыпаў ёю лужынку. Сабаленка. // Уцягнуць, увабраць у сябе. [Андрэй] набраў як мага больш, паветра ў лёгкія і апусціўся на дно. Скрыпка.

3. што і чаго. Прыняць, узяць у нейкай колькасці. Набраць заказаў. Набраць работы на дом.

4. чаго. Купіць, набыць. Набраць матэрыі на касцюм. Набраць гавару на боты. □ [Люба:] — А глядзі, якую мы з таткам табе ляльку прывезлі і якую сукенку набралі! Васілевіч.

5. каго-што. Навербаваць, наняць, прыняць. Набраць рабочых. Набраць вучняў. // Вярбуючы, наймаючы, стварыць. Набраць войска. Набраць атрад. Набраць групу.

6. чаго (пераважна з адмоўем). Здабыць, набыць, знайсці, каб хапіла на што‑н. Нам грошай столькі не набраць. □ Дзе ж мне набраць было сіл На гучную песню мажору. Глебка.

7. што і чаго. Дасягнуць якой‑н. ступені ў сваім развіцці, руху і г. д. Вясенні дождж сады абмыў, І цвет набрала вецце. Пушча. І раптам — думка: а што, калі віхура набярэ сілы, сарве кран з упораў і перакуліць. Гарбук. Машына лёгка адарвалася ад узлётнай паласы і імкліва набрала вышыню. Алешка.

8. што. Скласці з асобных частак што‑н. цэлае. Набраць паркет. □ Такі букет восенню ў лесе можа набраць толькі дзявочая рука. Пташнікаў. // Саставіць з некалькіх лічбаў. знакаў. [Андрэй] падышоў да тэлефона, узяў трубку, набраў нумар. Васілёнак. Міхал падышоў да стала і, спяшаючыся, набраў патрэбны нумар тэлефона. Карпаў. // Скласці з друкарскіх літар (тэкст). Набраць кнігу. □ [Купала:] Рабочыя набралі.. [артыкул] зноў. Вітка.

9. чаго і што. Атрымаць у выніку спаборніцтва, экзаменаў і пад. Набраць найбольшую колькасць ачкоў. Набраць патрэбную колькасць балаў.

•••

Набраць сабе ў галаву — тое, што і убіць сабе ў галаву (гл. убіць).

Як вады ў рот набраць — нічога не гаварыць, маўчаць.