набраць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; заг. набяры; зак.
1. што і чаго. Паступова беручы, узяць нейкую колькасць чаго‑н. Набраць бярэмя дроў. ▪ Раніцою Галіна з мужам пайшла ў ток. Трэба было ссыпаць у мяшкі звеяны ўчора авёс і набраць авечкам мурагу. Галавач. // Назбіраць нейкую колькасць чаго‑н. Набраць у лесе ягад. ▪ Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку выдатных баравікоў-бярозавікаў. Колас.
2. каго-што і чаго. Узяць, захапіць з сабою. Набраць у машыну пасажыраў. ▪ [Грэчка] зойдзе да жонкі, набярэ хлеба, сала і перасядзіць навалу. Мележ. // Зачарпнуць, напоўніць чым‑н. Набраць вядро бензіну. ▪ Часавы раздзеўся, набраў у кварту вады і стаў умывацца. Чорны. Мікодым, зірнуўшы на дзіця, спалохаўся, хуценька набраў на рыдлёўку зямлі і засыпаў ёю лужынку. Сабаленка. // Уцягнуць, увабраць у сябе. [Андрэй] набраў як мага больш, паветра ў лёгкія і апусціўся на дно. Скрыпка.
3. што і чаго. Прыняць, узяць у нейкай колькасці. Набраць заказаў. Набраць работы на дом.
4. чаго. Купіць, набыць. Набраць матэрыі на касцюм. Набраць гавару на боты. ▪ [Люба:] — А глядзі, якую мы з таткам табе ляльку прывезлі і якую сукенку набралі! Васілевіч.
5. каго-што. Навербаваць, наняць, прыняць. Набраць рабочых. Набраць вучняў. // Вярбуючы, наймаючы, стварыць. Набраць войска. Набраць атрад. Набраць групу.
6. чаго (пераважна з адмоўем). Здабыць, набыць, знайсці, каб хапіла на што‑н. Нам грошай столькі не набраць. ▪ Дзе ж мне набраць было сіл На гучную песню мажору. Глебка.
7. што і чаго. Дасягнуць якой‑н. ступені ў сваім развіцці, руху і г. д. Вясенні дождж сады абмыў, І цвет набрала вецце. Пушча. І раптам — думка: а што, калі віхура набярэ сілы, сарве кран з упораў і перакуліць. Гарбук. Машына лёгка адарвалася ад узлётнай паласы і імкліва набрала вышыню. Алешка.
8. што. Скласці з асобных частак што‑н. цэлае. Набраць паркет. ▪ Такі букет восенню ў лесе можа набраць толькі дзявочая рука. Пташнікаў. // Саставіць з некалькіх лічбаў. знакаў. [Андрэй] падышоў да тэлефона, узяў трубку, набраў нумар. Васілёнак. Міхал падышоў да стала і, спяшаючыся, набраў патрэбны нумар тэлефона. Карпаў. // Скласці з друкарскіх літар (тэкст). Набраць кнігу. ▪ [Купала:] Рабочыя набралі.. [артыкул] зноў. Вітка.
9. чаго і што. Атрымаць у выніку спаборніцтва, экзаменаў і пад. Набраць найбольшую колькасць ачкоў. Набраць патрэбную колькасць балаў.
•••
Набраць сабе ў галаву — тое, што і убіць сабе ў галаву (гл. убіць).
Як вады ў рот набраць — нічога не гаварыць, маўчаць.