набрацца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; заг. набярыся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца ў нейкай колькасці. Народу на сход набралася поўная хата. Мурашка. Дачка павячэрала, паправіла фіранкі з гардзінамі на вокнах, цюлевыя накідкі на падушках, павяла далонню па шырокаму лісту фікуса, ці не набраўся за дзень пыл, і села за нейкую кніжку. Ермаловіч. // Назбірацца (аб рабоце, справах і пад.). [Бухгалтар:] — З работай цяпер я, можна сказаць, проста ганарыўся. За час адпачынку набралася безліч рахункаў. Ракітны.

2. Напоўніцца чым‑н. У хаце набралася тытунёвага дыму. Пестрак. // Разм. Наглытацца. Нехта з каманды кацера падхапіў.. [Марылю], але пазнавата, — жанчына ўжо набралася вады і пасінела ў непрытомнасці. Кулакоўскі.

3. Дасягнуць нейкай колькасці, лічбы. Вучняў набралася чалавек пятнаццаць. Маўр. Антон рабіў [залысіны] тапаром. Так набралася дзесяць дрэў. Пальчэўскі. [Васіль Ціханавіч:] — Я не магу зараз сказаць, колькі пасеяна на дзялянках, але думаю, што гектараў з трыццаць па сельсавету набярэцца. Сіўцоў. Восемдзесят пяць гадоў дзеду Паўлу. І калі набралася іх столькі — не агледзеўся дзед. Колас.

4. Насыціцца, прасякнуць чым‑н. Рунь яшчэ не паспела акрыяць, набрацца сокаў. Дамашэвіч.

5. Знайсці ў сабе ўнутраныя сілы, магчымасці, якасці. Набрацца смеласці. Набрацца рашучасці. Набрацца цярплівасці. ▪ Як набралася моцы Матчына дачушка, Паляцела да сонца Пералётнай птушкай. Купала. Косця не ведае, адкуль у яго набралася столькі сіл. Адамчык. // Стаць, зрабіцца якім‑н., набыць нейкія якасці; развіцца. Бярозка прыжылася, набралася сілы, вясною зазелянела і цягнулася да сонца сваімі трапяткімі галінкамі. Васілеўская.

6. Пераняць, навучыцца чаму‑н. [Рыгор] многаму навучыўся, падрос, пасталеў, набраўся вопыту. Гартны.

7. Нацярпецца, перажыць, адчуць. Набрацца гора. Набрацца сораму. ▪ Агата з Ліпачкай за тую зімовую марозную ноч набраліся такой бяды, якой, можа, яшчэ на сваім вяку не ведалі. Сабаленка. Не мала набраўся.. [Грыша] страху, пакуль дайшоў сюды. Пальчэўскі.

8. Разм. Набыць, атрымаць нешта (звычайна непрыемнае). Набрацца блох. ▪ Нехта хадзіў тут, хто не ведаў [хадоў] і сцежак, убіўся ў мурашнік, набраўся іголак з мурашкамі. Чорны. // Тое ж аб хваробах. [Маці:] — У [памяшканні] трымаюць хворых цялят, каб іншыя ад іх не маглі набрацца хваробы. Даніленка.

9. Разм. (часта з адмоўем). Запасціся, назапасіць, дастаць у патрэбнай колькасці. [Загадчык склада:] — Набярэшся тут на вас на ўсіх фарбы, калі на паравозы ды на вагоны не хапае... Лынькоў. [Антось:] «А дзяўчат навырастае! Божа літасцівы, дзе гэта будзе музык набрацца! Кожнай жа прыйдзецца некалі вяселле іграць». Чорны.

10. Разм. Напіцца гарэлкі, віна. [Агрыпіна:] — Выбач[ай], Васіль Пятровіч — гарэлкі ўжо няма, выпілі. Трэба было раней. Ды ты ўжо недзе набраўся. Пестрак.

•••

Набрацца духу — асмеліцца на што‑н.

Набрацца розуму — стаць разумным, паразумнець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)