даво́дзіцца 1, ‑воджуся, ‑водзішся, ‑водзіцца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Незак. да давесціся.
2. каму. Быць кім‑н. каму‑н. (пра сваяцтва). Маёр Платон Лагода даводзіўся Івану Воранаву стрыечным братам. Васілевіч. Слава .. дакладна ведае, што Язэп Васільевіч даводзіцца яму прадзедам. Жычка.
3. Зал. да даводзіць 1.
даво́дзіцца 2, ‑водзіцца; незак.
Зал. да даводзіць 2.
даво́дзіць 1, ‑воджу, ‑водзіш, ‑водзіць.
Незак. да давесці 1.
даво́дзіць 2, ‑воджу, ‑водзіш, ‑водзіць.
Незак. да давесці 2.
даво́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
Спец. Наданне вырабу канчатковых дакладных памераў, якасцей шляхам дадатковай апрацоўкі, падгонкі. Даведка дэталі. Даведка аконных рам.
даво́зіцца, ‑возіцца; незак.
Зал. да давозіць.
даво́зіць, ‑вожу, ‑возіш, ‑возіць.
Незак. да давезці.
даво́лі, прысл.
1. (у спалучэнні з прым. або прысл.). У значнай ступені, у вялікай меры. Собіч палажыў на стол перад Варанецкім даволі вялікі стос паперак. Скрыган. Ісці Ніне прыйшлося даволі доўга. Шчарбатаў.
2. безас. у знач. вык. Дастаткова, колькі трэба. Сіл і майстэрства ў нашых перакладчыкаў даволі. Лойка. Не імкнуўся я ніколі За багаццем хіжа гнацца. Усяго ў мяне даволі: Цэлы свет — маё багацце. Панчанка. // Досыць, хопіць; пара спыніць. Даволі гуляць у хованкі! □ Заглянула сонца ў вочкі, Дзень прыйшоў — даволі сну! Чарот.
3. безас. з інф. У складаным сказе, звычайна са злучн. «як», «і», «каб» у другой частцы, абазначае ўмову хуткага наступлення дзеяння або непазбежнага з’яўлення выніку. Даволі прайсціся раз у дзень па чыгунцы — вярсты дзве туды ды назад — вось і поўны кішэні здабытку. Лынькоў. Даволі было.. [салдату] аднаму пабыць гэты малы час тут, на ціхім полі, у ціхую ноч, як тое пекла, што адышло кудысьці наперад, зноў паўстала перад ім з усёю сваёю сілай. Чорны.
даво́льны, ‑ая, ‑ае; ‑лен, ‑а.
Тое, што і здаволены. І Костусь рады і давольны: цяпер гулянак свет раздольны. Колас. — Ты думаеш, я вельмі даволен тым, што зрабіў? — пытаўся Зарэцкі. — Не, ганарыцца няма чым. Скрыган.
даво́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. даворваць — даараць.
даво́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да даарацца.
2. Зал. да даворваць.
даво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да даараць.