Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шчэ́па, ‑ы, ж.

1. Чаранок высокагатунковага дрэва, які ўстаўляюць у расшчэплепую частку якой‑н. расліны для прышчэпкі.

2. Прышчэпленая расліна. Поруч са старымі яблынямі, грушамі раслі маладзенькія шчэпы. Пальчэўскі.

шчэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Невялікая тонкая пласцінка, кавалак, адколаты па слаі дрэва; трэска. Напалавіну ў шчэпкі пакрышыла, Напалавіну полымем пайшла. Як быццам хата ў тым і саграшыла, Што гэтак доўга хатаю была. Чэрня. [Алёшка:] — Глядзі вунь [Грышка], колькі дробных шчэпак ля камля. Якімовіч.

шчэ́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Скаліцца, аскальвацца. Вочы .. [Мані] былі чырвоныя, круглыя, рот шчэрыўся. Мележ. Хітра шчэрыцца адна Злосная ваўчыца. Барадулін. / у перан. ужыв. Амбразуры дзота грозна шчэрыліся на падводу. Новікаў.

шчэ́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

1. Скаліць, аскальваць. Гаспадар спачувальна шчэрыць рот. Савіцкі. Аўчарка гыркала, шчэрыла зубы, рвалася да дрэва. Шыловіч. / у перан. ужыв. Стаю І на мяне падлога шчэрыць Крывыя, праржавелыя цвікі. Бураўкін.

•••

Шчэрыць зубы — тое, што і скаліць зубы (гл. скаліць).

шчэць, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і шчацінне. Сям-там на задворках п[а]лае агнём салома, а вецер разносіць гарэлы пах свіней шчэці. Колас. Жылісты, зарослы чорнай шчэццю мужык кіраваў да плыта. Радкевіч. Шчэць лясоў на вяршынях, на вышэйшых схілах то там, то тут танула ў клубах дыму, знікала з вачэй. Мележ.

шы́ба, ‑ы, ж.

Кавалак шкла, устаўлены ў аконную раму. Мароз яшчэ не паспеў замураваць шыбы акон. Сачанка. Хаты — трывалыя, з тоўстых бярвенняў, але чамусьці з маленькімі, у чатыры шыбы, вокнамі. Хадкевіч.

шыбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак.

Разм. Хутка, жвава, імкліва рухацца, ісці і пад. Маці стаяла на дварэ і праводзіла вачамі фурманку, што шыбавала ў бок лесу. Колас. Яшчэ на золку паўз будку шыбуюць у лес местачкоўцы. Навуменка. Дарогай вернаю сахаты Шыбуе проста да ракі. Прыходзька.

шыбану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да шыбаць.

шыба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Кідаць, шпурляць што‑н. Сёння Данька больш клапаціўся аб дзяўчатах. Ён паказваў, як лепш укалупіць гной на вілкі, як шыбаць праз акно на двор, не дужа торгаючы рукамі. Ермаловіч. // перан. Разм. Хутка, нядбайна гаварыць, вымаўляць (словы, рэплікі, заўвагі і пад.). Потым, мабыць, зразумеў [Максім] і чамусьці ўзлаваўся — пачаў злосна шыбаць словы. Шамякін.

2. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угару; шугаць (пра полымя, дым і пад.). Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. Мележ. Полымя шыбае ўверх роўна, бо ў густым бярэзніку не праймае вецер. Пестрак. / у перан. ужыв. Гараць вераснёвыя ночы У неба шыбае агонь. Пушча. // Распаўсюджвацца, пранікаць куды‑н. Праз новыя крокаў трыста агонь ужо шыбаў па страсе. Чорны. Полымя шыбае праз дзверкі, гудуць паддувалы... Барашка. // безас. перан. Раптоўна ўрываючыся, дзейнічаць з вялікай сілай на каго‑н. У нос шыбала рэзкім пяньковым пахам, кастрыца абсыпала твар і калолася за каўняром. Быкаў. // перан. Налівацца чырванню, палымнець. [Каця] не спалохалася, пачуўшы, што ў скроні гулка забіла кроў, а твар шыбаў полымем. Алешка. // безас. перан. Выклікаць які‑н. стан. [Цобель:] Ну, уцягнуў ты мяне ў гісторыю!.. То ў холад, то ў пот шыбае! Мележ.

3. Разм. Хутка рухацца, ісці, ехаць і пад.; шыбаваць. — Ты вось што, — сказаў.. [гаспадарцы], — бяры сваіх памочніц і шыбай да машыны. Лупсякоў. А вечарком мы выпускалі У паветра белых галубоў. Зрабіўшы некалькі кругоў, У вышыню яны шыбалі. Багдановіч. Гутарка зацягнулася, і мы, выбраўшы зручны выпадак, пакінулі шумную кампанію паэтаў і ўжо шыбалі маскоўскім трамваем да Парку культуры і адпачынку імя М. Горкага. Хведаровіч. // Падаць, ісці (пра дождж, снег, град). Мяккі, пульхны, нібы з ваты, Мітуслівы і таўсматы З неба снег шыбае. Гілевіч.

4. Вельмі хутка расці. Вунь як трава шыбае.

шы́бенік, ‑а, м.

1. Пакараны смерцю праз павешанне; павешаны на шыбеніцы. Як той і шыбенік, на сценцы Вісіць скрыпка на цвіку. Бядуля.

2. Разм. Свавольнік, балаўнік, гарэза. [Сын] у мяне такі ўжо шыбенік, забаўку знайшоў — у дзверы стукаць, — апраўдвалася маці. Сачанка. // Бандыт, якога чакае шыбеніца; галаварэз. — Што ты робіш, шыбенік! — нема загаласіў стары. Корбан. — Трэба было затрымаць тут гэтага шыбеніка і — аман. Бажко. Самога Яўхіма Халусту не спыніў бы Лявон, і бо баяўся былога панскага аканома. Не спыніў бы і яго малодшага сына Мікалая — шыбеніка і злодзея. Чарнышэвіч.