шыбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Кідаць, шпурляць што‑н. Сёння Данька больш клапаціўся аб дзяўчатах. Ён паказваў, як лепш укалупіць гной на вілкі, як шыбаць праз акно на двор, не дужа торгаючы рукамі. Ермаловіч. // перан. Разм. Хутка, нядбайна гаварыць, вымаўляць (словы, рэплікі, заўвагі і пад.). Потым, мабыць, зразумеў [Максім] і чамусьці ўзлаваўся — пачаў злосна шыбаць словы. Шамякін.

2. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угару; шугаць (пра полымя, дым і пад.). Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. Мележ. Полымя шыбае ўверх роўна, бо ў густым бярэзніку не праймае вецер. Пестрак. / у перан. ужыв. Гараць вераснёвыя ночы У неба шыбае агонь. Пушча. // Распаўсюджвацца, пранікаць куды‑н. Праз новыя крокаў трыста агонь ужо шыбаў па страсе. Чорны. Полымя шыбае праз дзверкі, гудуць паддувалы... Барашка. // безас. перан. Раптоўна ўрываючыся, дзейнічаць з вялікай сілай на каго‑н. У нос шыбала рэзкім пяньковым пахам, кастрыца абсыпала твар і калолася за каўняром. Быкаў. // перан. Налівацца чырванню, палымнець. [Каця] не спалохалася, пачуўшы, што ў скроні гулка забіла кроў, а твар шыбаў полымем. Алешка. // безас. перан. Выклікаць які‑н. стан. [Цобель:] Ну, уцягнуў ты мяне ў гісторыю!.. То ў холад, то ў пот шыбае! Мележ.

3. Разм. Хутка рухацца, ісці, ехаць і пад.; шыбаваць. — Ты вось што, — сказаў.. [гаспадарцы], — бяры сваіх памочніц і шыбай да машыны. Лупсякоў. А вечарком мы выпускалі У паветра белых галубоў. Зрабіўшы некалькі кругоў, У вышыню яны шыбалі. Багдановіч. Гутарка зацягнулася, і мы, выбраўшы зручны выпадак, пакінулі шумную кампанію паэтаў і ўжо шыбалі маскоўскім трамваем да Парку культуры і адпачынку імя М. Горкага. Хведаровіч. // Падаць, ісці (пра дождж, снег, град). Мяккі, пульхны, нібы з ваты, Мітуслівы і таўсматы З неба снег шыбае. Гілевіч.

4. Вельмі хутка расці. Вунь як трава шыбае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)