набо́к, прысл.
1. На адзін з бакоў. Галас, схіліўшы набок галаву, падышоў да мяне бачком. Колас. Машыну падкінула і нахіліла набок. Новікаў. Русыя валасы акуратна зачасаны набок. Алешка. Схапіўшыся за грудзі, дэсантнік пахіснуўся набок, ніцма ўпаў на зямлю. М. Ткачоў. // Набакір; накасяк. У пасаджанай набок новенькай шапцы з залацістай эмблемай чыгуначніка.. [Вася] бадзёра наігрываў вясёлы факстрот, склікаючы да сябе суседскую моладзь. Ракітны. // Убок (адкінуць, адставіць і пад.). Работай сагрэйся, калі халады, Не будзеш пахукваць на рукі тады. Набок — рукавіцы, ватоўку — набок. Бялевіч. Ад яго [Міколавых] удараў каскі Адлятаюцца набок. Броўка.
2. у знач. выкл. З дарогі; прэч. Пад’ехаў пан. — Набок! — крычыць мужыку. Якімовіч.
набо́р, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. набіраць — набраць (у 3–5 знач.).
2. Сукупнасць прадметаў аднолькавага прызначэння. Набор хірургічных інструментаў. Туалетны набор. // Група вучняў, студэнтаў і пад. аднаго году паступлення. У інстытут прыйшоў новы набор.
3. Сукупнасць металічных літар, якія перадаюць які‑н. тэкст. Рассыпаць набор. □ Бацька і сын Воранавы часткамі пераносілі набор да сябе на кватэру, якая знаходзілася на Шорнай вуліцы. Пятніцкі.
4. Аздабленні з металічных прадметаў на вупражы, рэмені і г. д.
•••
Набор слоў — спалучэнне слоў без усякага сэнсу; бяссэнсіца.
набо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да друкарскага набору. Наборны цэх. □ Друкарня была на першым паверсе. Паўз сцены ў адным пакоі стаялі наборныя касы. Гаўрылкін. // у знач. наз. набо́рная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе робяць набор (у 3 знач.). Працаваць у наборнай. Увайсці ў наборную.
2. З аздабленнямі, з наборам (у 4 знач.). Наборная вупраж.
3. Які складаецца з асобных частак. Наборны паркет.
набо́ртны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца, размешчаны на борце судна. Набортныя збудаванні.
2. Прымацаваны, прышыты да борта адзення. Набортныя гузікі.
набо́ршчык, ‑а, м.
Рабочы друкарні, які робіць набор. Набраў тады мой першы твор наборшчык — віцебскі рабочы. Вялюгін.
набо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Разм. Боўтаючы, рашчыніць, замяшаць нейкую колькасць чаго‑н. Набоўтаць цеста на блінцы.
набо́ўтваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да набоўтаць.
набракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і каго-чаго.
Разм. Забракаваць у якой‑н. колькасці. Набракаваць тавару.
набрака́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. набракаць — набракнуць.