ла́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ладзіць (у 1 знач.).
2. у знач. прым. Праўлены, зроблены прыгодным для далейшага выкарыстання. Ладжаная збруя.
ладзе́йны, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з ладдзёй 2, які мае адносіны да ладдзі 2. Ладзейны эндшпіль.
ла́дзіцца, ладжуся, ладзішся, ладзіцца; заг. ладзься; незак.
1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Ісці на лад, добра атрымлівацца, складна выходзіць. Не ладзіцца справа. □ Вярнуўся [Бабейка] з партызан камуністам, за год-паўтара паставіў калгас на ногі, ды і цяпер у яго ўсё ладзіцца... Хадкевіч. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі. Колас.
2. Разм. Наважвацца, рыхтавацца што‑н. рабіць, зрабіць. Пасярэдзіне сянец некалькі пар ужо ладзілася скакаць. Лобан. [Дзед] налівае ў міску капусты і ладзіцца карміць мяне вялізнай драўлянай лыжкай, якая не лезе мне ў рот... Сачанка.
3. Зал. да ладзіць (у 1, 2 знач.).
ла́дзіць, ладжу, ладзіш, ладзіць; заг. ладзь; незак.
1. што. Папраўляць, рабіць зноў прыгодным для карыстання; рамантаваць. Нізка прыгнуўшы спіну, .. Гарась ладзіў паламаны ўчора гармонік. Каваль. [У кузні] прыемна пахла гарэлым вугалем і заўсёды шмат было людзей, якія прыязджалі ладзіць калёсы, губіць сярпы, каваць коней. Хведаровіч. Стрэхі гнілыя, і, каб не ліўся .. дождж, малінаўцы кожную восень ладзілі іх і засыпалі кастрыцай. Чарнышэвіч. // Настройваць музычны інструмент. А музыкі ў гулкай зале Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля.
2. што. Разм. Рабіць, ствараць; будаваць. Працоўны сам закон тут піша І сам свой ладзіць дабрабыт. Колас. У хлопца ўжо і гады такія, што трэба прыбівацца да пары і ладзіць сталае жыццё на ўвесь век. Сабаленка. // Арганізоўваць; спраўляць. Я люблю глядзець, як зранку, Абудзіўшы ўсе куткі, Ладзяць гульні хлапчукі. Кірэенка. Хлопец з дзяўчынаю ўжо заручыны згулялі і збіраліся вяселле ладзіць. Гурскі.
3. Жыць у згодзе, міры. Анціпаў быў сумленны камуніст, умеў ладзіць з людзьмі. Хадкевіч. З навукай хлопец штось не ладзіў. Колас.
4. Разм. Рабіць што‑н. зладжана, раўнамерна; трапляць у агульны тон. Ладзіць у такт песні.
5. Разм. Лавіць зручны момант, імкнуцца зрабіць што‑н. Так і ладзіць сустрэцца.
ладкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; заг. ладкуйся; незак.
Разм. Уладжвацца, прыстройвацца. Аўсееў паставіў у кут вінтоўку і пачаў ладкавацца ля грубкі. Быкаў. Саўчанка ладкаваўся ў кузаве, захінаючыся ў брызент... М. Стральцоў. Дзед пачаў ладкавацца спаць. Скрыган.
ладкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; заг. ладкуй; незак., што.
Разм. Прыводзіць у парадак, уладжваць. Лёдзя спалохана падхапілася і хуценька спрытнымі звыклымі рухамі пачала ладкаваць валасы. Карпаў. У Гомелі я сеў у цягнік.. Калі зайшоў у купэ, там ладкавала рэчы высокая, досыць маладая жанчына. Навуменка.
ла́дкі, ‑дак; адз. ладка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
1. Уст. Удар лінейкай па далоні як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе. Даць пяць ладак лінейкай.
2. толькі мн. Дзіцячая гульня, пры якой удзельнікі ўдараюць адзін аднаго спачатку правай далонню аб правую, потым левай аб левую і г. д.
•••
Біць (пляскаць) у ладкі гл. біць.
ладко́м, прысл.
Разм. Тое, што і ладам. Сядзем радком, пагаворым ладком.
ла́дна, прысл.
Разм.
1. Прысл. да ладны.
2. у знач. сцвярджальнай часціцы. Ужываецца для выражэння згоды, пацвярджэння чаго‑н.; азначае: добра, хай сабе і так. [Пятрусь:] — Я папрашу вас нагрэць нам гарбаты... Адкульсьці з глыбіні кватэры даляцела: — Ладна! Гартны. У момант знеслі яму ўсе пісьмы, папрасілі кінуць іх у горадзе ў паштовую скрынку. — Ладна, кіну, — паабяцаў шафёр. Карпюк.