канча́ючы,
1. Дзеепрысл. незак. ад канчаць.
2. у знач. прыназ. з Т. Уключаючы каго‑, што‑н., аж да каго‑, чаго‑н. (звычайна ў спалучэннях: «пачынаючы з..., канчаючы...»; «пачынаючы ад..., канчаючы...»). Людзі, сядзеўшыя за сталом і на лавах, былі пераважна камандзіры, пачынаючы ўзводным і канчаючы камандзірам батальёна т. Шалёхіным. Колас.
канчу́к, ‑а́, м.
Разм. Раменны бізун. Хлопцы карчмара былі гультаі, і Борух.. паганяў іх канчуком. Бядуля.
канчу́р і канча́р, ‑а́, м.
Абл. Аддзелены канец чаго‑н. Калі мы вярнуліся да агню, дыміліся толькі канчуры. Ермаловіч. Падняўшыся на локаць і папраўляючы канчары галавешак, звярнуўся да нас Адам. Нікановіч.
каньён, ‑а, м.
Глыбокая вузкая даліна, размытая ракой.
[Ісп. cañon.]
канькабе́жац, ‑жца, м.
Той, хто займаецца канькабежным спортам.
канькабе́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да катання на каньках, звязаны з ім. Канькабежны спорт. Канькабежная секцыя. Канькабежны касцюм.
ка́нькала, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай; ж.
Разм. Той, хто канькае, дакучае сваімі просьбамі, скаргамі.
ка́нькаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Назойліва прасіць аб чым‑н., скардзіцца на што‑н. — Як ні канькала, ні маліла, не даў каня ў нядзелю завезці парсючка ў Лашычы. Хадкевіч. Марта ішла следам, крыху супакоіўшыся, але ўсё яшчэ не пераставала канькаць аб сваіх патрэбах. Броўка.
канькі́, ‑оў; адз. канёк, ‑нька, м.
Вузкія сталёвым палазкі, якія прымацоўваюцца да абутку для катання на лёдзе. Катацца на каньках. Бегавыя канькі. □ Алесь бегаў на каньках значна лепш, чым на лыжах. Шыцік.
канья́к, ‑у, м.
Моцны алкагольны напітак са спірту, атрыманага перагонкай вінаградных він і вытрыманага ў дубовых бочках.
[Ад геагр. назвы.]